26 красавіка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) прайшла фармацыйная сустрэча для духавенства Гродзенскай дыяцэзіі да 5 гадоў святарства.
Сустрэча пачалася з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі кс. канонік Павел Салабуда, мадэратар пастаяннай фармацыі маладых святароў Гродзенскай дыяцэзіі, засяродзіў увагу на думках Папы Францішка з сёлетняга сімпозіуму на тэму святарства.
Мадэратар разважаў пра чатыры слупы святарскага жыцця, якія Пантыфік назваў чатырма “блізкасцямі”: першая з іх – блізкасць да Бога, другая – блізкасць да біскупа, трэцяя – блізкасць паміж святарамі, чацвёртая – блізкасць святара з Божым народам.
На заканчэнне Імшы біскуп Кашкевіч, звяртаючыся да сваіх маладых супрацоўнікаў, адзначыў, што годнасць прэзбітэрату патрабуе ад духоўных асобаў святасці і вернасці, бо Касцёл і ўсе людзі маюць права чакаць ад іх паводзінаў, годных святара.
Іерарх падкрэсліў, што годнасць, святасць і вернасць павінны быць бачныя ў чалавечнасці, згодных з Евангеллем учынках, у культуры слова, а таксама ва ўсім знешнім ладзе жыцця. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне звярнуўся да святароў з просьбай, каб яны асвячалі сябе і Божы народ дыяцэзіі, да якога былі пасланы.
Пасля супольнага абеду ўдзельнікі сустрэчы выслухалі канферэнцыю, з якой выступіў кс. Андрэй Зноска, пробашч лідскай парафіі Божай Міласэрнасці і спецыяліст у галіне кананічнага і свецкага права.
Канферэнцыя была прысвечана сучаснаму этапу актуалізацыі кананічнага права ў Касцёле, перадусім тым зменам у карных санкцыях, якія былі ўведзены Папам Францішкам у новай рэдакцыі 6-й кнігі Кодэксу кананічнага права.
Засяродзіліся таксама над дэцэнтралізацыяй паўнамоцтваў Апостальскай Сталіцы, якую паступова праводзіць Пантыфік, і адпаведным пашырэннем кампетэнцыі біскупаў. Акрамя таго, святары маглі параіцца адносна сумніўных сітуацый у правапрымяняльнай практыцы парафіяльнага жыцця.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі