23 красавіка парафія ў Варнянах (Астравецкі дэканат) адзначала сваю адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Юрыя, мучаніка.
На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія парафіяне і госці, прыбылі таксама святары. Узначаліў Імшу арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
На гэтай літургіі арцыбіскуп удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 53 парафіянам.
Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. Віктар Захарэўскі.
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў жыццярыс святога Юрыя, які жыў у ІII-IV стагоддзях, быў высокапастаўленым афіцэрам у рымскай арміі і хрысціянінам. У тыя часы жудасных ганенняў на хрысціян імператар Дыяклетыян, які вельмі цаніў Юрыя, нават прапанаваў яму пасаду другога чалавека ў імперыі пры ўмове, што ён адмовіцца ад хрысціянскай веры, аднак той не пагадзіўся, перанёс катаванні, потым загінуў мучаніцкай смерцю. Існуе легенда, што недалёка ад Цэзарэі была крыніца, побач з якой знаходзіўся змей, якому ахвяроўвалі авечак, а пасля людзей. Святы Юрый забіў змея дзідай.
Святы Юрый – адзін з найбольш папулярных святых не толькі ў Каталіцкім Касцёле, але і ў Праваслаўнай Царкве, яго культ распаўсюджаны ў пратэстанцкіх супольнасцях, шануюць яго і мусульмане. Усё гэта, па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, кажа “аб экуменічным і міжрэлігійным значэнні гэтага святога, што вельмі важна ў наш час, калі неабходна сумесна бараніць духоўныя каштоўнасці і быць братамі, да чаго заклікае Папа Францішак”.
Арцыбіскуп адзначыў, што кроў мучанікаў асвячала зямлю, аказвала вялікі ўплыў на язычнікаў, станавілася прычынай таго, што яны прымалі хрост.
Іерарх падкрэсліў, што святы Юрый застаўся верным свайму хрысціянскаму пакліканню, нашыя продкі ў часы ваяўнічага атэізму таксама не здрадзілі Хрысту. “А як з намі? – паставіў пытанне арцыбіскуп. – Ва ўмовах свабоды веравызнання назіраецца адыход ад веры. Усё больш людзей жыве так, як быццам Бога няма. Але ад таго, хто адракаецца ад Езуса перад людзьмі, адрачэцца Езус перад нябесным Айцом, чытаем у Евангеллі”.
Арцыбіскуп заахвоціў вернікаў спытаць сябе: “Чаму мы аддаём перавагу нікчэмным і хуткаплынным дабротам гэтага свету перад тымі, якія трываюць вечна? Ці сапраўды мы ідзём шляхам, які Езус паказаў нам, каб дасягнуць мэты нашага жыцця? Ці заўсёды памятаем словы Хрыста, што Ён з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём?” “Для святога Юрыя Хрыстус быў такім”, – дадаў іерарх.
Звяртаючыся да тых, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, ён адзначыў, што Касцёл хоча бачыць у іх сталых хрысціян, а не хісткіх, дадаўшы, што сучасныя ветры ўсё часцей секулярныя і антыхрысціянскія. Арцыбіскуп заклікаў быць святымі Юрыямі ХХІ стагоддзя, дзідай хрысціянскага сведчання бараніць веру.
Іерарх падзякаваў пробашчу за запрашэнне на ўрачыстасць. Таксама ён выказаў падзяку пробашчу і парафіянам за клопат аб святыні, якая ў апошні час перажывае рамонт і становіцца прыгажэйшай.
Ён пажадаў ім ісці слядамі святога Юрыя, іх апекуна, чый культ вельмі жывы ў варнянскай парафіі, і быць адважнымі вызнаўцамі Езуса Хрыста.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віталій Спірыдон