Раніцай 17 красавіка, ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Пасля двухгадовага перапынку, выкліканага пандэміяй, на пачатку літургіі адбылася рэзурэкцыйная працэсія вуліцамі горада. Падчас працэсіі, у якой неслі Найсвяцейшы Сакрамэнт, вернікі спявалі радасныя велікодныя песні, музычным суправаджэннем працэсію ўпрыгожыў духавы аркестр.
Затым шматлікія вернікі сабраліся ў катэдры, “маці” святыняў Гродзенскай дыяцэзіі, каб разам “убачыць і паверыць”, што Хрыстус уваскрос, працягвае жыць і дзейнічаць у сваім Касцёле.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі падкрэсліў, што няма праўды больш радаснай і важнай для кожнага чалавека без выключэння, чым праўда пра ўваскрасенне Хрыста.
“Уваскрасенне Хрыста – пацвярджэнне, што ўсё тое, што Ён казаў, чаму вучыў, што абяцаў – гэта праўда”, – дадаў іерарх.
Біскуп адзначыў, што праз сваё ўваскрасенне Езус вызваляе людзей ад граху і дае надзею новага жыцця і будучага ўваскрасення.
Па словах пастыра Касцёла на Гродзеншчыне, праўда пра ўваскрасенне радасная, але адначасова патрабавальная: яна кажа жыць інакш, змяняць сябе, пераадольваць уласныя слабасці і грахі.
“Езус нічога ў нас не забярэ, а дае ў сто разоў больш. Ён ні ў чым нас не абмяжоўвае, а дае сапраўдную свабоду дзяцей Божых. Ён ніколі нас не асуджае, а заўсёды прытуляе з любоўю. Ён для таго памёр і ўваскрос, каб быць заўсёды з намі”, – сказаў іерарх.
Біскуп заўважыў, што Вялікдзень – свята надзеі, бo “Уваскрослы Хрыстус заклікае нас, каб мы пакінулі цемру граху і смерці і выйшлі да дзівоснага святла любові, праўды і жыцця – святла, якое ніколі не будзе мець канца”.
“Пойдзем жа за Хрыстом дарогамі святла. Адкінем як мага далей ад сябе ўсялякія ўчынкі цемры. Няхай змрок нявер’я, сумнення, эгаізму, гневу ці нянавісці не запануе ў нашых сэрцах”, – дадаў іерарх.
На заканчэнне літургіі біскуп пажадаў вернікам моцнай, непахіснай надзеі, якая вынікае з пасхальнай веры ў перамогу Хрыста і якая будзе святлом на шляху штодзённага жыцця, сярод усіх цяжкасцяў, клопатаў, цярпенняў і перажыванняў.
“Не дазвольце, каб гэта надзея згасла ў вашых сэрцах. Будзьце заўсёды сведкамі хрысціянскай надзеі”, – падсумаваў іерарх. Усім прысутным ён удзяліў пастырскае благаслаўленне.
Кс. Юрый Марціновіч