У гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, як і кожны год, вялікая колькасць вернікаў пачала літургіяй Пасхальнай вігіліі святкаванне самага важнага свята хрысціянства.
Цэлебрацыю ўрачыстай літургіі ўзначаліў вечарам Вялікай суботы ў катэдры біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Пасхальная вігілія пачалася літургіяй Святла. Перад касцёлам біскуп благаславіў агонь, ад якога пасля быў запалены пасхал – сімвал Хрыста. На пасхальнай свечцы іерарх зрабіў знак крыжа і адзначыў літары А (альфа) i Ω (амега), якія азначаюць, што Бог з’яўляецца пачаткам і канцом кожнага стварэння.
Затым пасхал быў урачыста ўнесены ў святыню з патройным радасным воклічам “Святло Хрыста”, на які вернікі адказвалі: “Дзякуем Пану Богу”.
Падчас літургіі слова вернікі разважалі над гісторыяй збаўлення, апісанай у Старым і Новым Запаветах, пачынаючы ад стварэння свету і першых людзей да збаўчай Мукі і Уваскрасення Хрыста.
Пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі ў гаміліі яшчэ больш падрабязна растлумачыў вернікам таямніцу Змёртвыхпаўстання Езуса.
“Літургісты называюць сённяшнюю Імшу найважнейшай ва ўсім літургічным годзе, – адзначыў святар. – Гэтай ноччу Хрыстус уваскрос!”
Пробашч дадаў, што слова “Пасха” на габрэйскай мове азначае пераход з аднаго стану ў іншы, “з граху да святла, са смерці да жыцця”.
Пасля біскуп Кашкевіч благаславіў хрысцільную ваду, а ўдзельнікі літургіі аднавілі абяцанні хросту.
Цэнтрам Імшы Пасхальнай вігіліі была эўхарыстычная літургія.
На заканчэнне біскуп заахвоціў усіх прысутных дзякаваць Богу за дар пасхальных таямніц, бо яны з’яўляюцца задаткам нашага плённага жыцця сёння і ў вечнасці.
Пасля Імшы пачалася адарацыя Езуса пад знакам хлеба ў імправізаванай грабніцы. Кожны вернік меў магчымасць асабіста паразмаўляць са сваім Збаўцам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі