Skip to main content

Падзякуем нашым святарам!

flowers 3990696 1280Вялікі чацвер, безумоўна, з’яўляецца для кожнага святара выключным днём. Менавіта ў гэты дзень Езус Хрыстус, наш Настаўнік і Збаўца, устанавіў сакрамэнты Эўхарыстыі і пасвячэння.

Кожны святар у гэты дзень вяртаецца думкамі і сэрцам да таго моманту, калі ў яго жыцці ўсё пачалося. Успамінае свой родны дом, клапатлівых бацькоў, пабожных дзядуляў і бабуляў, якія перадалі веру і Божы дух. Успамінае асяроддзе, у якім сталеў.

Перад яго вачыма паўстае парафіяльная супольнасць, якая атуляла яго руплівай малітвай, калі ён быў на шляху да алтара падчас фармацыі і вучобы ў духоўнай семінарыі, а потым поўны людзей касцёл, калі адбывалася першая святая Імша, якая называецца прыміцыяй.

Для вернікаў, у сваю чаргу, гэта дзень, каб выказаць словы ўдзячнасці сваім святарам, якія штодзённа служаць ім, абвяшчаюць Евангелле і здзяйсняюць Божыя таямніцы.

Мы, супрацоўнікі Аддзела сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, хочам далучыцца да гэтых падзякаў і віншаванняў, якія ў гэты дзень накіроўваюцца кожнаму святару нашай дыяцэзіі.

Хочам падзякаваць вам за вашу сардэчнасць, усмешку, дабрыню, адкрытасць, усялякую дапамогу і супрацоўніцтва з намі. Дзякуем за тое, што паказваеце нам і сваім вернікам, што азначае ісці шляхам Хрыста і што з’яўляецца мэтай зямнога жыцця.

Жадаем вам, каб святарскае пакліканне было для вас дарогай да святасці. Няхай Хрыстус – Найвышэйшы Святар – падтрымлівае вас у гэтым служэнні і адорвае ўсялякімі ласкамі. Няхай вядзе вас святло Духа Святога, а Яго моц падтрымлівае ва ўсіх добрых пачынаннях.

З малітвай,

супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі