10 красавіка, у нядзелю Мукі Пана, якая распачынае Вялікі тыдзень, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
У гэты дзень у святыні чыталася апісанне Мукі Пана, пасля чаго іерарх звярнуўся да вернікаў з гаміліяй.
Біскуп адзначыў, што літургія Пальмовай нядзелі ўтрымлівае ў сабе два моцныя акцэнты. Адзін з іх – благаслаўленне пальмовых галінак і працэсія ў памяць пра ўрачысты ўезд Езуса ў Ерузалем. Другі акцэнт – літургія слова, якая засяроджвае нашу ўвагу на збаўчай муцы і смерці Сына Божага.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што ўрачыстасць Пальмовай нядзелі, якая кожны год збірае шмат вернікаў у святынях, і Вялікі тыдзень “з’яўляюцца для нас адным вялікім урокам Божай любові і міласэрнасці, аб’яўленай у Асобе Езуса Хрыста”.
“Гэтая любоў здаецца бяссільнай перад бязмежнасцю зла. Пан Езус прыбывае ў Ерузалем, дзе Яго чакаюць страшная мука і жорсткая, ганебная смерць на крыжы. Сын Божы гэта цалкам усведамляе, аднак не перастае любіць”, – дадаў іерарх.
Біскуп адзначыў, што Езус, нягледзячы ні на што, любіць тых, якія змовіліся супраць Яго, якія за Ім сачылі, каб падлавіць на слове, тых, якія ад Яго адвернуцца і адмовяцца, якія будуць фальшыва сведчыць аб Ім, будуць заклікаць Пілата: “Укрыжуй, укрыжуй Яго!” (Лк 23, 21), якія ўскладуць Яму на плечы дрэва крыжа і якія Яго да гэтага крыжа прыб’юць.
“Ён любіць іх усіх, без выключэння, любіць, бо яны дзеці Бога, а тое, што яны, на жаль, абралі дрэнны шлях, яшчэ больш узбуджае ў Ім літасць і прагненне, каб яны дасягнулі збаўлення”, – сказаў біскуп.
Па словах іерарха, урачысты ўезд Езуса ў Ерузалем з’яўляецца пачаткам Яго мукі і смерці, а адначасова прадказаннем найвялікшай у гісторыі свету перамогі – уваскрасення. “Паўстанне з мёртвых Сына Божага будзе поўным і канчатковым трыумфам дабра над злом, любові над нянавісцю, праўды над хлуснёй, жыцця над смерцю. Уваскрасенне Хрыста ўкажа раз і назаўсёды ў поўным ззянні праўду пра тое, што зло трэба перамагаць дабром, што ў заблытанай, пакутлівай, поўнай несправядлівасці і крыўды гісторыі чалавецтва апошняе слова належыць толькі Богу, а гэта будзе слова любові, міласэрнасці і прабачэння”, – звярнуў увагу біскуп.
Усіх прысутных у святыні і тых, хто духоўна далучыўся да іх праз інтэрнэт, пастыр дыяцэзіі заахвоціў плённа правесці Пасхальны Трыдуум, каб зноў адкрыць неспасціжную, бязмежную любоў Бога, аб’яўленую ў Пасхальнай Таямніцы Езуса Хрыста, – любоў, якая з’яўляецца нашай адзінай надзеяй.
Падчас Эўхарыстыі біскуп благаславіў пальмовыя галінкі, якія вернікі па традыцыі прынеслі ў святыню на памяць пра ўваход Езуса ў Ерузалем.
Звычай благаслаўлення пальмовых і вербных галінак усталяваўся ва ўсім Касцёле ў XI стагоддзі. Вярнуўшыся дадому, некаторыя вернікі змяшчаюць благаслаўленыя галінкі за крыжамі і абразамі. Раней гэтыя галінкі ўтыкалі таксама на поле, каб Бог абегараў пасевы ад граду, сушы і празмерных дажджоў.
Кс. Юрый Марціновіч