З 11 па 13 лютага ў кляштары Kангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Навагрудку адбыліся рэкалекцыі для дзяўчат.
Сустрэча была прысвечана тэме “Сара – як навучыцца быць прынцэсай Бога”. На прыкладзе Сары, яе выпрабаванняў, веры і даверу Пану ўдзельніцы прыглядаліся да свайго жыцця, разважаючы над тым, што можна зрабіць, каб яшчэ больш падабацца Богу.
Духоўныя практыкаванні праводзіў а. Віктар Мялешка, францішканін з Гродна.
У праграме было разважанне над Божым словам і адарацыя. Дні сустрэчы праходзілі ў асноўным у маўчанні і паглыбленай малітве, што, безумоўна, дапамагала ўсталяванню дыялогу з Богам, які звяртаецца да чалавека ў цішыні.
Удзельніцы рэкалекцый удзячныя святару за прабыванне з імі і прамоўленыя канферэнцыі, а таксама ўдзячныя сёстрам назарэтанкам на чале з с. Назарыяй Міклаш CSFN, адказнай за пакліканні ў Кангрэгацыі, за запрашэнне і арганізацыю гэтай духоўнай сустрэчы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі