10 лютага ў касцёле Хрыста Валадара Сусвету ў Азёрах (дэканат Гродна-Усход) адбылася святая Імша ў інтэнцыі спачылага айца Пятра Марцінца CMF, у мінулым – пробашча гэтай парафіяльнай супольнасці.
Святар пакінуў пасля сябе незабыўны след не толькі ў гісторыі гэтай парафіі, але найперш у памяці і сэрцах усіх тых, хто сустрэў яго на шляху свайго жыцця.
Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Разам з іерархам Імшу канцэлебравалі пробашч мясцовай парафіі а. Томаш Ксёнжкевіч CMF, генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, пробашч парафіі бл. Міхала Сапоцькі ў Абухаве кс. Міхал Васількевіч і сакратар біскупа Гродзенскага кс. Юрый Марціновіч
На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія парафіяне, а таксама вернікі з Жытомлі, Кашубінцаў, Абухава, дзе а. Пётр Марцінец ахвярна служыў на працягу амаль 17 гадоў.
У гаміліі біскуп Кашкевіч нагадаў жыццёвы шлях айца Пятра, які адышоў у вечнасць 6 лютага на 79-м годзе жыцця ў Пыскавіцэ (Польшча). Іерарх адзначыў, што дзейнасць гэтага святара прыпала на цяжкія часы пасляваеннага аднаўлення краіны, у дзяцінстве і падлеткавым узросце ён спазнаў, што такое ўбоства, нястача, адмаўленне.
“Таксама ён бачыў, што кожнаму чалавеку патрэбны ў жыцці трывалы фундамент веры, моц Божай ласкі, святло Божага Слова. І менавіта тады, у цяжкія і бедныя пасляваенныя гады, у сэрцы юнака Пятра нарадзілася пакліканне да святарства”, – дадаў біскуп.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што а. Пётр вырашыў рэалізаваць святарства як законнік у супольнасці місіянераў кларэтынаў, а яго родныя мясціны можна назваць сапраўднай калыскай гэтай супольнасці ў Польшчы.
Іерарх нагадаў, што сімвалам духоўнасці кларэтынаў з’яўляецца агонь, значыць запал сэрца да выканання місіі, незалежна ад таго, ці вялікія і цяжкія гэтыя канкрэтныя заданні, ці гэта выклікі звычайнай штодзённасці.
“Безумоўна, ужо ў юнацтве Пётр адчуў у сваім сэрцы гэты палаючы агонь Божай любові і клопату аб збаўленні людзей праз абвяшчэнне ім Добрай Навіны”, – сказаў біскуп.
Іерарх выказаў перакананне, што ў памяці вернікаў спачылы застанецца назаўсёды як руплівы святар, поўны дабрыні, гумару, прастаты і цеплыні. Вернікам з Гродна і Беластока, якія на пілігрымскім шляху ў Тракелі і Вільню штогод спыняюцца на начлег у Азёрах, запомняцца яго вялікая гасціннасць, шчырая радасць, з якой ён вітаў кожнага госця, жаданне пачуць кожнага і забяспечыць кожнаму па меры магчымасці як мага лепшыя ўмовы.
Айцец Пётр Марцінец CMF нарадзіўся 13 мая 1943 г. у Аполі (Польшча). У 1971 г. скончыў Папскую семінарыю ў Вроцлаве. У 1972 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, стаўшы першым кларэтынам у Польшчы.
Паслухмяны рашэнням сваіх настаяцеляў, нёс святарскае служэнне ў Польшчы, а ў 2000 г. прыбыў у якасці місіянера ў Гродзенскую дыяцэзію.
На працягу года быў вікарыем у парафіі ў Азёрах, у 2001 г. стаў яе пробашчам. Абслугоўваў таксама парафіі Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жытомлі і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кашубінцах.
У 2017 г. з-за стану здароўя паехаў у Польшчу ў манаскі дом у Медарах, дзе стаў рэзідэнтам. Там, дзе ў юнацтве рабіў першыя крокі на шляху да святарства і манаства, правёў апошнія гады жыцця.
Пахавальная Імша прайшла 11 лютага ў парафіі святога Марціна ў Пачыне (Польшча), пахаванне адбылося на мясцовых могілках.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі