Skip to main content

У Гудагаі прайшла сустрэча моладзі, прысвечаная таямніцы Божага Аб’яўлення

godogaj 715 студзеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) прайшла сустрэча моладзі, прысвечаная таямніцы Божага Аб’яўлення і разважанню над пладамі Духа Святога.

Як паведамляе karmel.by, дзяўчаты і юнакі павіншавалі адно аднаго з нагоды святаў Божага Нараджэння і падзяліліся аплаткай.

Затым падчас адарацыі сабраныя праславілі Усемагутнага Бога за дары і ласкі, якія дапамагаюць чалавечай асобе ажыццяўляць хрысціянскае пакліканне.

Айцец Аркадзь Куляха OCD паразважаў з маладымі людзьмі пра шчодрасць дароў Духа Святога, якія дае Пан Бог. Святую Імшу для моладзі ўзначаліў айцец Юрый Находка OCD.

Вечарам сёстры кармэліткі Дзіцяткі Езуса запрасілі дзяўчат і хлопцаў у свой дом, дзе разам з мясцовай катэхеткай Аленай Мечыславаўнай прапанавалі гасцям забавы, конкурсы, віктарыны і салодкі стол.