Skip to main content

“Мой шлях за Езусам”: рэкалекцыі для дзяўчат з Лідскай парафіі Святой Сям’і прайшлі ў Тракелях

lida rec 10З 3 па 6 студзеня, падчас зімовых канікул, у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбыліся рэкалекцыі для дзяўчат з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. “Мой шлях за Езусам” – такой была вядучая думка духоўных практыкаванняў.

Дзяўчаты пад кіраўніцтвам с. Хелены Пляхімовіч з Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай разам шукалі адказу на пытанне, у чым заключаецца крыніца хрысціянскага жыцця. У любові і асобе Езуса яны знаходзілі ключ да пазнання Бога, сэнс і сапраўдную каштоўнасць жыцця.

Езус Хрыстус, стаўшы духоўным правадніком удзельніц на час рэкалекцый, напоўніў іх верай, надзеяй, любоўю, супакоем і жаданнем служыць іншым.

lida rec 2

Знаходзячыся некалькі дзён у дыяцэзіяльным санктуарыі, ля Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, дзяўчаты мелі нагоду даручыць Ёй новы год і прасіць, каб ён быў багаты на благаслаўленне і ласку.

У гэтыя дні быў таксама час навучыцца выконваць хатнія абавязкі: удзельніцы рэкалекцый супольна гатавалі пасілкі, укладваючы ў гэтую справу свае сэрцы і слухаючы парады законнай сястры.

Кожную хвіліну ўдзельніцы праводзілі разам на малітве, забаве, знаёмстве з мясцовасцю. Малітоўная атмасфера, прыгожае наваколле, прагулкі па тэрыторыі вакол санктуарыя спрыялі таму, каб яны маглі засяродзіцца над сваім жыццём і паглыбіць духоўнасць.

Удзельніцы сустрэчы вельмі ўдзячныя сястры Хелене за ўсе парады і словы, адрасаваныя ім падчас канферэнцыі, мэтай якіх было наблізіць іх да Бога, а кусташу санктуарыя кс. доктару Юрыю Бяганскаму – за гасціннасць і адкрытасць сэрца.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі