9 студзеня, у свята Хросту Пана, на заканчэнне перыяду Нараджэння Пана, арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне святую Імшу для вернікаў літоўскай дыяспары.
Імшу на літоўскай мове цэлебраваў разам з іерархам між іншым пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі, які з’яўляецца апекуном літоўскай супольнасці вернікаў у Гродне.
На Эўхарыстыі ў капліцы Маці Божай Кангрэгацкай, якую называюць таксама Студэнцкай, сабраліся вернікі, якія размаўляюць на літоўскай мове, разам са сваімі сем’ямі.
У гаміліі іерарх заахвоціў прысутных усвядоміць у чарговы раз тую вялікую праўду, што няма большай годнасці, чым тая, якую мы атрымалі ў святым хросце.
Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што свята Хросту Пана – дзень, каб падзякаваць за ласку хросту, за сваіх бацькоў і хросных, якія стаялі ў пачатку нашага шляху да жыцця ў Богу.
На заканчэнне Эўхарыстыі прадстаўнікі літоўскай дыяспары падзякавалі іерарху за супольную малітву, а таксама выказалі віншаванні з нагоды дня нараджэння, які ён адзначаў нядаўна.
Імша на літоўскай мове праходзіць у гродзенскай катэдры кожную нядзелю ў 14.00.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі