У парафіі Святога Духа ў Гродне адбыўся дзень засяроджання для міністрантаў і кандыдатаў у міністранты. Сустрэча праходзіла пад назвай “Міністранты – пакліканне да службы Богу і людзям”.
Некалькі гадзін удзельнікі сустрэчы прысвяцілі Богу. У праграме дня былі супольная малітва, канферэнцыя і адарацыя з Ружанцам. У вольны час юнакі мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Галоўным момантам дня засяроджання стала святая Імша.
Акрамя духоўнай часткі, быў час і на адпачынак, які ўдзельнікі правялі ў катэхетычным класе. Спартыўныя і інтэлектуальныя гульні, размовы і смачны пачастунак – усё гэта таксама мела месца на сустрэчы.
Кс. Андрэй Струкель