27 лістапада ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе прайшоў дзень засяроджання для міністрантаў і кандыдатаў да літургічнай службы алтара на тэму Адвэнту.
Адвэнт – асаблівы час для хрысціян. Слова “Адвэнт” паходзіць ад лацінскага “adventus”, што азначае “прыйсце”.
На пачатку сустрэчы міністранты разам з вікарыем парафіі кс. Андрэем Белаблоцкім разважалі на тэму Адвэнту. Удзельнікі пачулі гісторыю Адвэнту і даведаліся, як яго перажываць.
Юнакі супольна паразважалі пра пастановы на час Адвэнту. У канцы першага этапу сустрэчы кожны з іх быў гатовы прадставіць свой план перажывання гэтага перыяду.
Другі этап сустрэчы быў прысвечаны малітве. Разам са святаром прысутныя прасілі Бога аб лепшым перажыванні гэтага святога часу.
На заканчэнне сустрэчы для міністрантаў быў арганізаваны пачастунак каўбаскамі. Удзельнікі маглі паразмаўляць і падзяліцца ўражаннямі гэтага дня.
Віталій Гурэц