12 лістапада Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч выступіў з паведамленнем адносна крызісу з мігрантамі на беларуска-польскай граніцы.
Каталіцкі Касцёл з вялікай увагай назірае за цяперашняй сітуацыяй, звязанай з крызісам з мігрантамі на беларуска-польскай граніцы.
Тысячы чалавек, якія паходзяць з розных краін Блізкага Усходу і суседніх краін у пошуках лепшага жыцця бягуць ад шматлікіх цяжкасцяў, у якіх яны апынуліся ў сваіх родных краінах, і жадаюць знайсці іншае месца жыхарства для сябе і для сваіх сем’яў.
Незалежна ад цяперашняга палітычнага крызісу ў Беларусі, крызіс з мігрантамі патрабуе тэрміновых канкрэтных рашэнняў для кантролю над патокамі міграцыі і салідарнасці ўсіх, каб пайсці насустрач людзям, асабліва дзецям і жанчынам, якія на працягу многіх дзён застаюцца заблакаванымі на граніцы Беларусі з Еўрапейскім Саюзам.
Каталіцкі Касцёл заўсёды блізкі да тых, хто пакутуе або знаходзіцца ў цяжкіх жыццёвых абставінах, і праз сваю арганізацыю Caritas імкнецца прыйсці з гуманітарнай дапамогай тым, хто мае ў ёй патрэбу.
Я задаволены тым, што дыяцэзіяльныя Caritas гэтай краіны, таксама як і Caritas у Польшчы распачалі збор дапамогі для шматлікіх мігрантаў, якія чакаюць неадкладных і доўгатэрміновых рашэнняў.
Касцёл моліцца аб вырашэнні гэтай надзвычайнай сітуацыі і просіць аб дзеяянях таксама ў палітычнай сферы дзеля ратавання чалавечых жыццяў.
У гэтым сэнсе Святы Айцец Папа Францішак нядаўна выступіў з заклікам адносна іншых патокаў мігрантаў у Еўрапейскі Саюз, просячы «запэўніць мігрантам годныя ўмовы жыцця і доступ да працэдур надання прыбежышча».
У гэты момант неабходная салідарнасць усіх, каб перадусім ратаваць жыцці людзей і каб прыйсці да найлепшага рашэння для тых, хто знаходзіцца на граніцы. Немагчыма проста глядзець на тысячы людзей, якія апынуліся на мяжы паміж жыццём і смерцю, чакаючы трывалых рашэнняў.
Заахвочваю ўлады ўсіх зацікаўленых краін дзейнічаць рашуча і хутка, каб знайсці нават часовыя рашэнні дзеля выратавання жыццяў людзей.
Я заахвочаю ўсіх вернікаў католікаў працягваць маліцца аб найхутчэйшым вырашэнні цяперашняга крызісу з мігрантамі ў краіне.
Арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Апостальскі Нунцый