Skip to main content

Стагоддзе прысутнасці салезіянаў на Беларусі адзначылі ў Смаргоні з удзелам біскупа Касабуцкага

IMG 884217 кастрычніка ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылася ўрачыстая Імша з нагоды 100-гадовага юбілею служэння салезіянаў на Беларусі.

Як паведамляe sdb.by, цэлебрацыю святочнай Эўхарыстыі ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

У Імшы таксама прынялі ўдзел сёстры салезіянкі, свецкія члены салезіянскай сям’і і шматлікія вернікі, для якіх салезіяне нясуць служэнне ў Смаргоні.

У гаміліі біскуп з удзячнасцю ўзгадаў першага вядомага яму салезіяніна ксяндза Яна Такарскага SDB, а таксама першага пробашча смаргонскай парафіі ксяндза Генрыха Куляшэвіча SDB.

IMG 8849

Біскуп падкрэсліў вялікі ўнёсак у адраджэнне рэлігійнага жыцця на тэрыторыі былога Савецкага Саюза ксяндза Здзіслава Вэдэра SDB. Іерарх нагадаў, як моцна здзівіла вернікаў вялікая колькасць пакліканняў да манаскага жыцця і святарства са Смаргоні, дзе квітнела салезіянская духоўнасць.

На заканчэнне Імшы вернікі падзякавалі біскупу за цэлебрацыю Эўхарыстыі і звярнуліся са словамі ўдзячнасці за руплівае і нястомнае служэнне да ксяндзоў салезіянаў Паўла Шчарбіцкага, Здзіслава Вэдэра, Казіміра Муравы, якія служаць у парафіі.

У сямейным духу святкаванне працягнулася ў араторыі. Прысутныя разглядалі старыя фота, дзяліліся гісторыямі свайго жыцця, спявалі і танцавалі. Вельмі яркія эмоцыі выклікаў прагляд дакументальнага фільма “Натхнёныя надзеяй”, які распавядае пра гісторыю салезіянскага таварыства на землях сучаснай Беларусі.