Skip to main content

У Дзятлаве з удзелам біскупа Велікасельца адзначылі 100-годдзе прысутнасці салезіянаў на Беларусі

DSC 416517 кастрычніка ў дзятлаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, як і ў кожнай салезіянскай парафіі ў гэты дзень, святочна адзначылі 100-годдзе прысутнасці айцоў салезіянаў на беларускай зямлі.

Як паведамляе sdb.by, святую Імшу ўзначаліў Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Іерарх цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі салезіянаў, якія працуюць на беларускай зямлі, а таксама ўсіх парафіянаў.

DSC 4229

У гаміліі біскуп звярнуў увагу на тыя крыніцы, праз якія можна набліжацца да Бога, найбольш вылучыўшы сярод іх Біблію і навуку. Прывёўшы прыклады вялікіх навукоўцаў, якія не ўяўлялі свайго жыцця і існавання без Бога і малітвы, біскуп падкрэсліў, што іх дасягненні і вернасць свайму шляху былі б немагчымыя без штодзённай малітвы. Іерарх нагадаў пра мудрасць, любоў і святасць як тое, да чаго мы павінны імкнуцца штодня. Па яго словах, каб мець на гэта духоўныя сілы, трэба кожны дзень пачынаць з малітвы, напрыканцы дня таксама прысвячаць свой час сустрэчы з любячым Айцом, і найпрыгажэй, калі гэта будзе час малітвы ў сямейным коле.

На заканчэнне Імшы парафіяне падзякавалі біскупу за яго жаданне перажыць гэтае свята разам з імі і выказалі найлепшыя пажаданні і шчырую падзяку свайму пробашчу кс. Здзіславу Пікулу SDB за яго адданае служэнне і любячае айцоўскае сэрца.