Ваша Эксцэленцыя, найшаноўны біскуп Аляксандр, паважаныя браты ў святарстве ў годнасцях і харызмах сваіх заснавальнікаў, дарагія сёстры законныя, улюбёныя семінарысты, браты і сёстры, вернікі дыяцэзіі і жыхары нашай маляўнічай Гродзеншчыны!
У чарговы раз Хрыстус, Пан і Настаўнік, наблізіўся да “берага майго жыццёвага возера” са сваім заклікам: “Ідзі за Мной” (Mц 4, 18). На гэты раз гэта запрашэнне да служэння ў Касцёле Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Гэтае запрашэнне Хрыстус Пан скіраваў мне праз служэнне Пятра нашых часоў Святога Айца Францішка, які ў гэты неспакойны час быццам адрасуе мне словы заахвочвання, зачэрпнутыя з Апостальскага ліста “Patris corde” на Год святога Юзафа, які мы зараз перажываем: “Калі Бог пасылае цябе ў дарогу і прызначае новае заданне, не заставайся адзін, не разлічвай толькі на свае здольнасці, запрасі святога Юзафа. Учыні яго сваім апекуном перад Богам і паплечнікам у дарозе. Ён навучыць цябе найважнейшым рэчам (...), даверу і служэнню, што з’яўляюцца падмуркам наладжанага асабістага, сямейнага і грамадскага жыцця, а таксама спаўненнем даверанай Богам місіі”.
Заканчваючы маё служэнне ў роднай дыяцэзіі, дзе мне было дадзена ўзрастаць, затым адкрываць пакліканне да святарства, а пасля служыць больш за 25 гадоў – як святар і дапаможны біскуп, – я хацеў бы найперш выказаць удзячнасць Пану Богу за ўсялякае дабро, якое стала маім удзелам. Словы ўдзячнасці адрасую Папу Францішку, дзякуючы за давер да маёй асобы. Жадаю выказаць гэтыя словы ўсім, дзякуючы каму я ёсць. Бацькам – за дар жыцця і веры, найбліжэйшым родным і суседзям – за спадарожнічанне. Дыяцэзіяльнай супольнасці на чале з яе пастырам біскупам Аляксандрам Кашкевічам, святарам і айцам законным – жывым за супольнае крочанне, а памерлым за прыклад вернага трывання ля алтара Пана. Дзякую сёстрам і братам законным за дар малітвы.
Асаблівую падзяку скіроўваю сям’і Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з ксяндзом рэктарам за супольнае прабыванне пад адным дахам і ўтварэнне “супольнасці дванаццаці”. Словы падзякі выказваю моладзі, такой блізкай майму сэрцу, разам з заахвочваннем: “Хрыстус жыве і хоча, каб ты жыў! Ён – у табе, Ён – з табой і ніколі цябе не пакіне” (Christus vivit, 1-2). Прашу вас у чарговы раз за Папам Францішкам: учыніце Касцёл маладым, вашай маладосцю!
Дзякую усім жыхарам Гродзеншчыны за “дыялог і сацыяльнае сяброўства”, за “цуд ветлівасці”, што, як “зорка ў цемры”, “вызваляе з жорсткасці, страху і рассеянай спешнасці”, якія пераважаюць у сучасным свеце.
Браты і сёстры! Усе мы – браты. Усе мы – браты і сёстры. Усе! Пра гэта нам пастаянна нагадвае Папа Францішак. Усе мы, па яго словах, з’яўляемся салідарна адказнымі за будаўніцтва грамадства, здольнага залучаць, інтэграваць і суцяшаць тых, хто пакутуе (пар. Fratelli tutti, 77).
Дзякуючы вам за супольны шлях да неба, прашу аб малітве за ўсіх тых, да каго пасылае мяне Хрыстус Пан, каб згодна са сваім пастырскім дэвізам мог з верай абвяшчаць радасць Евангелля, што Хрыстус жыве!
Ваш брат
+Юзаф
Гродна, 14.10.2021 г.
Шаноўных ксяндзоў пробашчаў і адміністратараў парафій прашу прачытаць гэтае слова вернікам у нядзелю 17.10.2021 г. падчас кожнай святой Імшы.