3 кастрычніка ў смаргонскім араторыі імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі св. Міхала Арханёла, дзе служаць салезіяне, адбылося адкрыццё дзіцячага араторыя на новы навучальны год.
Як паведамляе sdb.by, свята распачалося Імшой з удзелам дзяцей і бацькоў. Ксёндз Казімір Мурава SDB у гаміліі падкрэсліў важнасць сям’і, асабліва ў хрысціянскім выхаванні дзяцей, каб бацькі маглі быць для іх першымі выхаваўцамі і сведкамі Евангелля.
Свята працягнулася ў араторыі. Разам са святым Янам Боско, святой Марыяй Дамінікай Мадзарэлла і аніматарамі дзеці адправіліся на экскурсію па араторыі і мелі магчымасць даведацца, што араторый можа быць домам, школай, касцёлам і дваром.
Дзецям дапамагалі добра правесці час і лепш пазнаёміцца з араторыем гульні, спевы, танцы, латарэя.
У слоўку, прадстаўленым у тэатральнай форме, святы Ян Боско падкрэсліў, што распачаўся новы навучальны год, і заахвоціў дзяцей не толькі весяліцца, але і старацца паяднацца з Богам у сакрамэнце пакаяння, пачаць новае жыццё з Панам, бо сапраўдная радасць выходзіць з сэрца, з’яднанага з Езусам.