2 кастрычніка ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне адбылася ўрачыстая цырымонія распачацця 2021/2022 навучальнага года.
З гэтай нагоды ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сабраліся адміністрацыя, выкладчыкі і навучэнцы каледжа, сярод галоўных мэт якога – умацаванне веры, паглыбленне рэлігійных ведаў і падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці.
Урачыстую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі намінат Юзаф Станеўскі, канцэлебраваў яе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Іерархi цэлебравалі Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае гэтую навучальную ўстанову, асаблівым чынам молячыся за тых, хто сёлета распачынае ў ёй вучобу.
У гаміліі біскуп Кашкевіч нагадаў пра літургічны ўспамін святых Анёлаў Ахоўнікаў, які прыпадаў на гэты дзень. Іерарх падкрэсліў, што Пан Бог, даючы іх нам, хоча сказаць, як моцна нас любіць і як Яму важна наша збаўленне.
“Ушаноўванне Анёлаў Ахоўнікаў – гэта сапраўды выраз нашай удзячнасці Пану Богу за Яго прысутнасць у нашым жыцці, за клопат пра нас, за пастаяннае аказванне нам дапамогі ў зямным жыцці і ў дасягненні вечнага збаўлення”, – дадаў біскуп.
Звяртаючыся да навучэнцаў каледжа, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што Бог дае ім час, і ад кожнага з іх у вялікай меры будзе залежаць, як гэты час будзе выкарыстаны, якую карысць яны атрымаюць з гэтага каштоўнага дару.
Іерарх падкрэсліў, што ў каледжы “мы пазнаём Пана Бога, каб яшчэ мацней верыць у Яго, каб яшчэ больш Яго любіць, каб з яшчэ большай вернасцю і руплівасцю Яму служыць”, “хочам Яго пазнаваць таксама з той мэтай, каб даваць аб Ім яшчэ больш верагоднае і захапляючае сведчанне ў нашым асяроддзі”.
На пачатку новага навучальнага года біскуп Кашкевіч пажадаў навучэнцам каледжа, каб усе іх намаганні, звязаныя са здабываннем ведаў, прынеслі чаканыя плады.
Намеснік дырэктара каледжа па навучальнай частцы а. Андрэй Шчупал CSsR падзякаваў іерархам за прысутнасць у гэты важны дзень. Асаблівую падзяку ён выказаў арцыбіскупу намінату Юзафу Станеўскаму, а таксама, віншуючы яго з новым прызначэннем і даручэннем яму новых задач у Касцёле, пажадаў святла Духа Святога ў кіраванні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.
Пасля Імшы першакурснікам былі ўручаны заліковыя кніжкі. Затым навучэнцы, якія стварылі хор пад кіраўніцтвам выкладчыцы музыкі Вольгі Маркевіч, выканалі студэнцкі гімн “Gaudeamus igitur”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі