24 верасня санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) наведалі ўдзельнікі руху “Маці ў малітве” з лідскай парафіі Святой Сям’і.
Рух шырока распаўсюджаны ва ўсім свеце. Яго дэвіз – “Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей”.
Удзельнікі руху дзякавалі за дар мацярынства, прасілі аб заступніцтве Маці Божай для сваіх дзяцей.
Сустрэча распачалася Імшой, якую цэлебраваў вікарый лідскай парафіі Святой Сям’і кс. Віталій Пяткевіч. Затым маці маліліся падчас Крыжовага шляху.
На заканчэнне малітваў кусташ санктуарыя кс. доктар Юрый Бяганскі благаславіў усіх удзельнікаў сустрэчы.
“Кожная маці абавязкова атрымае адказ на сваю малітву – хтосьці раней, а хтосьці пазней. Але, навучыўшыся даручаць сваіх дзяцей Богу, вы па-іншаму ставіцеся да сваіх праблем, прымаючы волю Бога, спазнаеце шчасце. А калі змяняецца маці, то змяняюцца дзеці, мужы, змяняецца сітуацыя ў сям’і. Маці, якія моляцца – гэта сапраўды адна моцная сям’я, дзе ты не адзін, дзе боль дзеліцца на ўсіх і памяншаецца, а радасць – памнажаецца”, – адзначыў кусташ.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі