14 верасня ў парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне (пабернардынскі) адбылася адпустовая ўрачыстасць. Вельмі прыемным сюрпрызам для вернікаў гэтай парафіяльнай супольнасці быў удзел траіх іерархаў: новапрызначанага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага, Ганаровага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.
Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп намінат Станеўскі, гамілію прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч.
У гаміліі іерарх падкрэсліў, кажучы пра крыж Хрыста, што “свет без крыжа быў бы светам без надзеі; светам выкарыстання слабых і безабаронных; светам, у якім апошняе слова належала б цярпенням”.
“Калі нашыя чалавечыя намаганні не могуць выбавіць нас ад наступстваў граху і перамагчы несправядлівасць, то збаўчае ўмяшальніцтва Божай любові, якая ва ўсёй паўнаце праявілася на дрэве крыжа, перамяняе рэальнасць граху і смерці ў славу вечнага жыцця”, – адзначыў арцыбіскуп.
У гэты дзень адбылося таксама асвячэнне размешчанай у гэтым касцёле адноўленай капліцы ў гонар Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі.
Пробашч парафіі кс. прэлат Антоні Ханько выказаў словы ўдзячнасці арцыбіскупу намінату, Ганароваму Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму і біскупу Гродзенскаму за прыбыццё і прысутнасць у такі важны для парафіяльнай супольнасці дзень.
Вернікі выказалі сардэчныя віншаванні новапрызначанаму кіраўніку Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Леановіч