14 верасня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) адзначалася адпустовая ўрачыстасць. Падрыхтоўкай да яе было саракагадзіннае набажэнства, якое распачалося 12 верасня.
У дні саракагадзіннага набажэнства адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту працягвалася ўвесь дзень. Вернікі парафіі мелі магчымасць у гэты час пабыць сам-насам з Езусам, выказаць Яму свае патрэбы, просьбы, падзяліцца зямнымі турботамі і падзякаваць.
Каб падрыхтоўка была яшчэ больш плённай, парафіянам дапамагаў рэкалекцыяніст, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску кс. Ян Юшко. Літургію апоўначы ўзначаліў пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй. У гаміліі ксёндз Ян падкрэсліў важнасць і годнасць штодзённага крыжа, адзначыўшы, што менавіта цяжкасці крыжа ў штодзённым жыцці вядуць да збаўлення.
У дзень адпустовай урачыстасці святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх нагадаў у гаміліі, што, “будучы знакам хрысціянства, крыж адначасова азначае цярпенні і выпрабаванні хрысціян”. Арцыбіскуп адзначыў, што “той, хто не бярэ свой крыж і не наследуе Хрыста, не з’яўляецца Ягоным вучнем”, таму хрысціянства – “рэлігія сур’ёзных патрабаванняў, рэлігія крыжа”.
Іерарх дадаў, што крыж таксама з’яўляецца вялікім скарбам, крыніцай жыцця, прабачэння і міласэрнасці, знакам паяднання і міру, “дзякуючы крыжу мы аб’ядноўваемся з Богам і адзін з адным”. Крыж “кажа пра Божую любоў, перамогу дабра над злом і дае надзею”, “кажа пра паўстанне з грахоўных падзенняў, правы слабых і прыгнечаных, пераадоленне падзелаў і нянавісці”. “Свет без крыжа быў бы светам без надзеі; светам выкарыстання слабых і безабаронных; светам, у якім апошняе слова належала б цярпенням”, – заўважыў арцыбіскуп.
Ён падкрэсліў, што “мы не павінны адракацца ад крыжа, які Бог нам дае”, “нам трэба памятаць пра словы Езуса, што той, хто хоча быць Яго вучнем, павінен узяць свой крыж і ісці за Ім”.
“А можа, мы не хочам думаць аб ім і коштам адмовы ад этычных прынцыпаў імкнёмся да лёгкага і беспраблемнага жыцця? Ад нашага адказу будзе залежаць наша будучыня. Нясіце цяжары адзін аднаго, вучыць святы апостал Павел, – дадаў іерарх. – Сёння, калі свет прапагандуе ідэю маўклівай згоды з грахом і злом, Касцёл не можа маўчаць. Яго абавязак – абвяшчаць Божую праўду і яе бараніць”.
На заканчэнне Імшы адбылася традыцыйная эўхарыстычная працэсія, у якой неслі рэліквію Святога Крыжа.
Падчас урачыстасці арцыбіскуп абвясціў вернікам пра рашэнне Папы Францішка прызначыць біскупа Юзафа Станеўскага арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Вернікі, якія ў вялікай колькасці сабраліся ў гэты дзень у святыні, вельмі радасна прынялі гэтую навіну, бо добра ведаюць іерарха, які быў частым госцем іх парафіі.
Дзіяна Бранчэль, кс. Юрый Марціновіч