11 верасня ў фарным касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі благаславіў адноўлены арган.
Гэты арган – апошні музычны інструмент, зроблены на тэрыторыі нашай краіны ў міжваенны перыяд.
Капітальны рамонт і рэстаўрацыя гістарычнага аргана, вырабленага ў чэрвені 1939 года фірмай “A. A. Homan St. Jezierski w Warszawie”, вяліся ў 2020-2021 гг.
На пачатку да прысутных звярнуўся пробашч лідскай Фары ксёндз канонік Уладзімір Гуляй, які прывітаў гасцей і падзякаваў усім, хто малітвамі, ахвярамі і працай дапамагаў у аднаўленні аргана.
Падчас абраду благаслаўлення біскуп Юзаф Станеўскі скіраваў да аргана ўрачысты зварот, заклікаўшы яго абуджаць і ўзносіць праз музыку хвалу Богу Айцу і Стварыцелю, Езусу Хрысту Адкупіцелю і Духу Святому, які ажыўляе нас Божым подыхам, несці просьбы і спеў людзей да Божага трону.
Пасля малітвы і благаслаўлення аргана распачаўся канцэрт з удзелам народнага артыста Беларусі, лаўрэата дзяржаўнай прэміі, прафесара БДАМ Ігара Алоўнікава; арганолага Аляксандра Бурдзялёва; арганісткі мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха), старэйшага выкладчыка БДАМ Ганны Горбач; арганісткі лютэранскай кірхі ў Гродне, выкладчыка Гродзенскага музычнага каледжа Веры Латышавай; дапаможнай арганісткі мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы, студэнткі 4 курса БДАМ Ганны Лабкоўскай; арганіста лідскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа Івана Бірука (саксафон); загадчыка духавога аддзялення Гродзенскага музычнага каледжа Канстанціна Мазюка (трамбон).
Прысутныя на прэзентацыі адноўленага аргана былі захоплены не толькі гучаннем інструмента, але і акустыкай лідскага касцёла. Спалучэнне прафесійнай арганнай музыкі з надзвычай добрай акустыкай і прыгожым убранствам святыні пераносіла слухачоў у свет духоўных перажыванняў, малітвы і роздуму аб вечным.
Кульмінацыяй суботняга вечару была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Станеўскі. Іерарх маліўся за ўсіх, хто меў дачыненне да аднаўлення аргана – “караля музычных інструментаў”.
Кс. Раман Вайцяховіч