Skip to main content

У Тэалагічным каледжы ў Гродне ўрачыста распачаўся навучальны год

kaledz start 454 верасня ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне распачаўся новы навучальны год.

Благаславіць навучэнцаў каледжа прыбылі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

На пачатку былі прывітаны першакурснікі, якіх з радасцю прынялі тыя, хто вучыцца на старэйшых курсах.

Затым біскуп Станеўскі, звяртаючыся да навучэнцаў, адзначыў, што дзякуючы вучобе ў гэтым каледжы яны становяцца больш свядомымі хрысціянамі, глыбей падрыхтаванымі да сустрэчы з пытаннямі і праблемамі, якія нясе сучаснасць.

kaledz start 46

Дапаможны біскуп заахвоціў навучэнцаў усіх курсаў добра выкарыстаць час вучобы, каб найперш паглыбіць сваю веру, а таксама, магчыма, стаць у будучыні катэхетамі ў парафіях нашай дыяцэзіі.

Іерарх пажадаў, каб веды, якія яны будуць здабываць на занятках у каледжы ў галіне тэалогіі, філасофіі, катэхізацыі, біблістыкі, літургіі, гісторыі, касцёльнага права, дабрачыннасці, сямейнага жыцця, рэлігійных сродкаў масавай камунікацыі і іншых дысцыплін згодна з нормамі і вучэннем Каталіцкага Касцёла, пашыралі іх гарызонты, а таксама даступным і прафесійным спосабам перадаваліся іншым.

Біскупы даручылі каледж, яго выкладчыкаў і навучэнцаў надзейнаму заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, i святога Казіміра, апекуна гэтай установы.

Дырэктар каледжа кс. Юрый Марціновіч падзякаваў іерархам за прысутнасць і запрасіў на ўрачыстую інаўгурацыю навучальнага года, якая адбудзецца ў пачатку кастрычніка.

Тэалагічны каледж імя св. Казіміра ў Гродне атрымаў дзяржаўную рэгістрацыю ў канцы жніўня 2018 года. Ён быў заснаваны на базе Катэхетычных курсаў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі.

Галоўнай задачай каледжа з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі, a таксама пашырэнне ўласных гарызонтаў і рэлігійных ведаў навучэнцаў.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі