30 жніўня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) у Гродне адбылася сустрэча катэхетаў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтай сустрэчай быў урачыста адкрыты катэхетычны год у дыяцэзіі.
На сустрэчы сабралося больш за 50 катэхетаў: святары, сёстры законныя, свецкія асобы. Прысутныя выслухалі дзве канферэнцыі, удзельнічалі ў малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і ў святой Імшы.
У першай канферэнцыі дырэктар Аддзелa каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай дыяцэзіяльнай курыі а. Aндрэй Шчупал CSsR нагадаў пра задачы і місію катэхетаў, якія павінны перадаваць не сваё ўласнае вучэнне або вучэнне якогасьці іншага настаўніка, а вучэнне Езуса Хрыста, і весці сваіх вучняў не толькі да сустрэчы, але і да з’яднання і нават глыбокай блізкасці з Езусам.
У другой канферэнцыі пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках (Ашмянскі дэканат) кс. Павел Раманоўскі закрануў тэму жывой сувязі з Настаўнікам Езусам як фундаментальнага сродку прававернасці ў перадачы праўдаў веры і плённасці катэхізацыі.
Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У ёй удзельнічалі генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі і святары, якія ў гэты дзень атрымалі дэкрэты аб прызначэнні катэхетычнымі візітатарамі ў сваіх дэканатах.
Біскуп Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто займаецца катэхізацыяй у дыяцэзіі, a таксама за дзяцей, моладзь і дарослых, якія сёлета будуць удзельнічаць у катэхізацыі.
У гаміліі канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч казаў пра ролю катэхета ў сучасным свеце, адзначыўшы, што катэхет павінен стаць сапраўдным правадніком для ўсіх, сярод каго служыць.
На заканчэнне Эўхарыстыі да прысутных звярнуўся біскуп Юзаф Станеўскі, які ў беларускім епіскапаце адказвае за душпастырства моладзі. Іерарх падкрэсліў, што задача катэхета не столькі ў перадачы вучням пэўнай колькасці ведаў, колькі найперш у тым, што Святы Айцец Францішак называе суправаджэннем на шляху веры.
Таму біскуп адзначыў важнасць прабывання з маладымі людзьмі і заахвоціў катэхетаў прапанаваць асабліва моладзі, якая рыхтуецца да прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці, прачытаць адгартацыю Папы Францішка “Christus vivit” (“Хрыстус жыве”). Гэты дакумент з’яўляецца падсумаваннем Сіноду Біскупаў на тэму моладзі, праведзенага ў кастрычніку 2018 г. у Ватыкане.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч са свайго боку падзякаваў катэхетам за вялікую працу суправаджэння вучняў ва ўзрастанні ў веры і за тое, што ўласным стаўленнем, паводзінамі, стылем жыцця яны даюць вучням прыклад веры.
Словы ўдзячнасці ён выказаў Аддзелу каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі на чале з яго дырэктарам а. Андрэем Шчупалам CSsR за клопат аб узроўні катэхізацыі ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Іерарх пажадаў, каб новы катэхетычны год быў багатым на Божую ласку, а штодзённае служэнне дзецям і моладзі прыносіла толькі радасць і задавальненне.
Сустрэча, якая завяршылася супольным абедам у сталовай семінарыі, стала нагодай набрацца духоўных сіл, патрэбных для таго, каб весці дзяцей і моладзь да Бога – крыніцы ўсялякага дабра. У яе ходзе катэхеты мелі таксама магчымасць абмяняцца вопытам і метадамі, якія выкарыстоўваюць у працы.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: с. Наталля Дрэма SAC