15 жніўня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Зэльве (Слонімскі дэканат) адзначылі ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Як паведамляе zelwa.by, святая Імша ў мясцовым касцёле распачалася з прыгожых спеваў, якімі праслаўлялася Панна Марыя.
Пробашч парафіі ксёндз Яцэк Маркель CMF адзначыў, што важна падзякаваць Пану Богу за Яго цуды і асабліва за цуд Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая апякуецца намі, моліцца за нас, дапамагае ў штодзённым жыцці і клопатах.
“Як калісьці апосталы прынеслі свае дары да грабніцы Пана Бога, так мы на свята прыносім кветкі, зёлкі, ураджай з палёў, садоў і агародаў, просячы Панну Марыю аб благаслаўленні пладоў нашай карпатлівай працы. Гэта сімвалічна. Бо веруючы чалавек павінен разумець: усё, што вырасла, расквітнела, ператварылася ў плод, – гэта не толькі заслуга працавітых рук хлебаробаў і гаспадароў, але і вялікі падарунак Бога”, – сказаў святар.
Ксёндз Маркель падкрэсліў, што Бог разам з намі ідзе па жыцці, падтрымліваючы ў працавітых і часамі не вельмі лёгкіх буднях, у радасці, у гадзіны роспачы. “Мы павінны праз малітву ўшаноўваць Пана Бога і Марыю. Важна таксама захоўваць духоўныя традыцыі і сімвалы, перадаваць іх з пакалення ў пакаленне”, – падсумаваў кларэтын.
Слухаючы словы Евангелля, вернікі разважалі над тым, што пабожнасць Панны Марыі з’яўляецца крыніцай дабра, адкрытасці і міласэрнасці, што Яна асвятляе і паказвае шлях, поўная ласкі і пакоры, а свята Унебаўзяцця – свята радасці і надзеі: Марыя знаходзіцца на небе, і з цягам часу мы таксама будзем там.
У знак удзячнасці за Божую ласку і заступніцтва Божай Маці пробашч благаславіў прынесеныя парафіянамі разнастайныя плёны працы: букеты з кветкамі і зёлкамі, кошычкі з садавінай і агароднінай.