6 жніўня парафіяльная супольнасць у Вавёрцы (Лідскі дэканат) адзначала штогадовую адпустовую ўрачыстасць Перамянення Пана. На святой Імшы сабраліся шматлікія вернікі. Прыбылі таксама святары з Лідскага дэканату.
Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафію, цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас літургіі іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці 62 вернікам.
У гаміліі біскуп казаў пра таямніцу Перамянення Пана, калі Езус Хрыстус на гары Табор аб’явіўся траім сваім вучням у поўным ззянні боскай хвалы.
Іерарх падкрэсліў, што на гары Табор перамяніўся не толькі Езус, але што гэтая падзея таксама павінна была духоўна перамяніць абраных Ім апосталаў, умацаваць іх у веры, а найперш падрыхтаваць да перажывання таямніцы Яго мукі і крыжовай смерці.
“Свята Перамянення паказвае нам, што варта прымаць запрашэнне Езуса супольна ісці праз жыццё. Яно паказвае таксама пэўны працэс дасягнення Бога, штодзённага адкрывання – праз разнастайныя жыццёвыя досведы і выпрабаванні – таго, кім Ён з’яўляецца і што хоча нам пра сябе сказаць”, – дадаў біскуп.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што вернае імкненне за Хрыстом падобнае да пад’ёму на гару: яно патрабуе старання і вырачэння, часам вельмі цяжкае і нават балючае.
“Калі, аднак, мы прымаем гэтую працу, калі зблізку пазнаём Езуса, калі імкнёмся спазнаць Яго ласку і здольныя пачуць у сваім сэрцы Яго голас – тады становімся перамененымі духоўна, адчуваем незвычайнае шчасце быць блізка да Яго”, – сказаў біскуп Гродзенскі.
Звяртаючыся да тых, хто прыступаў у гэты дзень да канфірмацыі, іерарх пажадаў, каб прыняцце сакрамэнту стала для іх духоўным пад’ёмам на святую гару Табор, а ўсім прысутным у прыгожай святыні пажадаў нястомнага перамянення сэрцаў і штодзённага ўзрастання ў любові Езуса Хрыста.
Пробашч парафіі і дэкан Лідскага дэканату кс. Андрэй Роўба CRL падзякаваў усім гасцям за супольную малітву і прысутнасць у такі важны для парафіі дзень. Сваім парафіянам ён выказаў удзячнасць за падрыхтоўку святыні і тэрыторыі каля яе да адпустовай урачыстасці.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Міхал Шчэрба