5 жніўня на заканчэнне сёлетніх адпустовых урачыстасцяў у гонар Маці Божай Кангрэгацкай, Апякункі студэнтаў і Заступніцы города над Нёманам, вячэрнюю святую Імшу ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
На Эўхарыстыі сабраліся жыхары горада, каб на ўзор папярэдніх пакаленняў даручыць Богу ўсе свае штодзённыя клопаты дзякуючы дапамозе нябеснай Заступніцы.
У катэдральнай базыліцы, якая раней належала езуітам, перад славутым ласкамі абразом Маці Божай Кангрэгацкай прысутныя супольна дзякавалі Богу за дар Панны Марыі.
На пачатку літургіі ўсіх прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што славуты абраз Маці Божай прыцягвае шматлікіх вернікаў не толькі ў дзень адпусту, але і на працягу кожнага дня да Апякункі горада прыходзіць шмат людзей разных узроставых катэгорый, каб з дзіцячым даверам прадставіць Ёй патрэбы сэрца, радасці і турботы.
Вітаючы арцыбіскупа Кандрусевіча, пастыр Гродзенскай дыяцэзіі адзначыў, што той прыбывае ў свой горад, так моцна звязаны з яго жыццём, і да людзей, якія яго вельмі любяць, шануюць і ўдзячныя за яго служэнне.
Арцыбіскуп у гаміліі адзначыў, што, просячы Божай дапамогі, мы, магчыма, часам бачым у Богу “толькі суровага суддзю і забываемся, што Яго міласэрнасць бязмежная”. Іерарх нагадаў пра выраз “Да Езуса праз Марыю”, пра тое, што Яна, “будучы найкарацейшым шляхам да Езуса, прывядзе да Яго”.
Арцыбіскуп дадаў, што мы атрымліваем незлічоныя Божыя ласкі і, “гледзячы на гісторыю нашага народу, на тры пакаленні ганенняў на веру ў часы ваяўнічага атэізму і адраджэнне веры, маем права сказаць, што цудадзейны абраз Божай Маці Кангрэгацкай з’яўляецца Salus populi grodnensis – Збаўленнем гродзенскага народу”.
Па словах арцыбіскупа, на працягу 28 гадоў, калі гродзенская Фара не мела пастаяннага святара, верны народ ускладаў надзею на Маці Божую ў Яе кангрэгацкай выяве. “Фара стала катэдрай. Тут ёсць біскуп і цэлая каманда святароў. Бог яшчэ раз паказаў, што Ён, а не хтосьці іншы, Валадар гісторыі і Ён яе піша, – сказаў іерарх. – І сёння сняжынкі Божых ласкаў і дабротаў спадаюць на нас і наш народ. Неабходна толькі бачыць гэты Божы дар і ім карыстацца”.
Арцыбіскуп заклікаў паставіць у цэнтры жыцця “не свае асабістыя амбіцыі, не імкненне да ўлады, матэрыяльных багаццяў, задавальненняў і да т.п., а ніколі не заходзячае сонца Езуса Хрыста”, бо “ніхто іншы, толькі Ён, спасылае нам прамяні святла любові”, “толькі Ён можа дапамагчы вырашыць нашыя праблемы”.
Іерарх звярнуўся да Маці Божай Кангрэгацкай, просячы, каб Яна дапамагла прыняць заўсёды актуальнае і дзейснае слова Яе Сына, каб, жывучы паводле яго, “будаваць новую, напоўненую ўзаемнай любоўю і пашанай, мірную і шчаслівую Беларусь”.
На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі падзякаваў усім за прысутнасць і супольную малітву, на якой сабраліся тыя, хто ўшаноўвае Панну Марыю Кангрэгацкую.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая