З 30 ліпеня па 1 жніўня пры касцёле св. Міхала Арханёла ў Навагрудку адбыліся рэкалекцыі “Talitha Kum” для моладзі, якая шукае Бога і жадае адкрыць сваё пакліканне. Рэкалекцыі правёў пробашч парафіі ў Мастах кс. Віктар Ханько.
У духоўных практыкаваннях маглі ўдзельнічаць маладыя людзі з 16 да 30 гадоў з усёй Беларусі. Закраналіся тэмы пакаяння, прабачэння, пазнання Божай волі і жыцця паводле яе, малітвы, узаемаадносін, даверу Богу. У межах рэкалекцый моладзь пачула сведчанне веруючай сям’і, а таксама сведчанні людзей, якія прыйшлі да веры самымі рознымі шляхамі выпрабаванняў.
Прысутныя мелі магчымасць паслухаць канферэнцыі на розныя тэмы, атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні, удзельнічаць у супольнай Эўхарыстыі і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Адным з кранальных момантаў была спецыяльная сустрэча са сваімі бацькамі ў апошні дзень рэкалекцый.
Некаторыя водгукі ўдзельнікаў:
Арцём: “Гэтыя рэкалекцыі былі асабіста для мяне вельмі класнымі. У некаторыя моманты быў страх, але ён хутка знікаў. Былі таксама новыя знаёмствы, размовы з новымі людзьмі, з якімі, спадзяюся, зносіны будуць працягвацца. Было крута”.
Рычард: “Гэтыя рэкалекцыі былі для мяне вельмі інфарматыўнымі і цудоўнымі. Былі моманты, калі было балюча і самотна, але гэта праходзіла хутка і незаўважна. Былі моманты, калі быў страх, падчас знаёмства, але гэты страх я перамог, дзякуй Богу за гэта. І ад новых знаёмых можна было даведацца штосьці, чаго сам не ведаеш. Чакаю наступных рэкалекцый”.
Мар’ян: “Рэкалекцыі былі вельмі цікавымі, было шмат інтрыгі, страху, нечаканасці, але гэта было, так бы мовіць, вельмі клёвае выпрабаванне для самога сябе. Было шмат моладзі, быў шанц пазнаёміцца, а таксама ў нейкія моманты ўмацаваць сяброўства паміж старымі сябрамі і спяваць, маліцца разам з Езусам! Хачу выказаць словы ўдзячнасці ксяндзу Віктару, ксяндзу Юрыю за ўсе іх добрыя ўчынкі, за рэкалекцыі і за іх адкрытасць… Усім вялікі дзякуй, моладзі, дзяўчатам і жанчынам, якія дапамагалі, гатавалі… Было шмат момантаў радасці. І ў канцы рэкалекцый быў зразумелы ўвесь сэнс. Гэта рэальна змяняе ваш погляд на жыццё!”.
Антаніна: “Дзякуй за гэты час, за гэтыя рэкалекцыі! Вялікі дзякуй святарам Віктару і Юрыю і арганізатарам. Вырашыла паехаць у апошні момант, былі перашкоды, страхі, але дзякуй Богу за гэту магчымасць! Гэта мае першыя рэкалекцыі ў такім фармаце. Адчувалася вялікая любоў і прысутнасць Святога Духа. Былі і страх, і злосць, і крыўда, але пасля – толькі любоў і свабода…”.
Яна: “Дзякуй вялікі за рэкалекцыі! Я лічу, што іх павінны прайсці абсалютна ўсе. Тэмы ўздымаліся фундаментальна важныя і неабходныя. Зроблена ўсё вельмі ўмела, зладжаная каманда, выдатная праграма. Наогул арганізатарам 120 балаў са 100. Асаблівы дзякуй Езусу, які зрабіў усё так, што я змагла трапіць на гэтыя рэкалекцыі, і быў з намі кожную секунду. І дзякуй усім, хто ўдзельнічаў у рэкалекцыях, за вашу прысутнасць”.
Алена: “Хочацца перш за ўсё падзякаваць Богу за гэты час, за гэту магчымасць і за ўсё тое, што адчувала. Падзяка за кожнага і кожную з вас, каго я там сустракала… Вучылася не баяцца, давяраць Богу. Я ў гэтыя дні адчувала, што менавіта пра мяне Езус усё гаворыць, гэта адносілася да мяне. Нягледзячы на ўвесь мой бруд, мае касякі, Бог мяне моцна любіць, гэты бруд забірае сабе. Бог проста хоча ад кожнага з нас дзіцячага даверу каб давяралі Яму не напалову, а цалкам і да канца. Ён толькі тады будзе рабіць цуды ў нашым жыцці. Жадаю кожнаму і кожнай з нас углядацца падчас святой Імшы ў алтар, на якім адбываецца самая вялікая Любоў. Углядацца ў гэтую белую Гостыю, бо менавіта там можаце ўбачыць Езуса сапраўднага…”.
Кс. Юрый Жэгарын