2 жніўня ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі адзначылі свята Маці Божай Анёльскай, адной з заступнікаў парафіі.
Урачыстую святую Імшу цэлебравалі ксёндз Дзяніс Бразінскі, ксёндз Андрэй Ганчар і ксёндз Віталій Валюк, які прамовіў гамілію. Ён нагадаў вернікам гісторыю з’яўлення гэтага культу і заклікаў карыстацца ўсімі ласкамі, якія дае Маці Божая.
У 1216 годзе святому Францішку з’явіўся Хрыстус, які паабяцаў поўны адпуст для ўсіх, хто пасля споведзі і прыняцця святой Камуніі наведае капліцу Парцюнкула, якая знаходзіцца каля Асізіі. Гэтая прывілея была зацверджана Папам Ганорыем ІІІ. Першапачаткова адпуст можна было атрымаць толькі ўвечары 1 і 2 жніўня. У 1480 годзе Папа Сікст VI распаўсюдзіў прывілею на ўсе касцёлы І і ІІ адгалінаванняў францішканскага ордэна, але толькі для саміх братоў.
У 1622 годзе Папа Грыгорый XV далучыў да гэтай прывілеі звычайных вернікаў, якія паспавядаюцца і прымуць святую Камунію ў адпаведны дзень. Таксама апрача францішканскіх касцёлаў ён пашырыў адпуст на капуцынскія святыні.
3 сакавіка 1952 годзе дэкрэт Кангрэгацыі індульгенцый распаўсюдзіў поўны адпуст (toties quoties) 2 жніўня ці ў бліжэйшую нядзелю для ўсіх касцёлаў і капліц.
На заканчэнне Імшы адбылася малітва каля алтара Маці Божай Анёльскай. Ксёндз Дзяніс Бразінскі падзякаваў прысутным за супольную малітву.
Абраз Маці Божай Анёльскай, змешчаны ў адным з алтароў іўеўскай святыні, намаляваны ў 1898 годзе Вікенціем Следзінскім. На абразе выяўлены святы Францішак, які ўзнімае вочы да неба, дзе знаходзяцца Езус з Марыяй і анёлы вакол іх.
Вікенцій Следзінскі – польскі жывапісец і піяніст. Вучыўся ў Маскве і Пецярбургу, удзельнічаў у польскім паўстанні 1863 г., пасля чаго быў прысуджаны да ссылкі, а праз 20 гадоў прыехаў у Вільню, дзе займаўся рэстаўрацыяй і маляваннем рэлігійных карцін і фрэсак.
Раман Ярмош