25 ліпеня з нагоды ўспаміну святога Крыштафа, апекуна кіроўцаў, у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) сабраліся аўта- і мотааматары, байкеры, уладальнікі рэтрааўтамабіляў і іншых тэхнічных сродкаў даўніх часоў.
Тыя, хто прыбыў у гэты дзень у санктуарый, мелі магчымасць не толькі памаліцца супольна і індывідуальна, але i прадэманстраваць свой унікальны аўтамабіль ці матацыкл, здзівіць прысутных яго характарыстыкамі і зрабіць сабе добрую рэкламу.
Эўхарыстыю ў гістарычнай святыні ўзначаліў генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. На пачатку Імшы іерарх заахвоціў вернікаў памаліцца за тых, хто кіруе транспартнымі сродкамі, аб тым, каб яны заўсёды дбалі аб сваёй бяспецы, а таксама бяспецы іншых удзельнікаў дарожнага руху.
Як адзначыў біскуп у гаміліі, чытанне Евангелля на гэты дзень “пахне хлебам”. Па яго словах, з хлебам найчасцей асацыюецца родны дом, але, акрамя таго, дзе ёсць хлеб – там ёсць любоў, дабрыня, прабачэнне, згода і ўменне дзяліцца з іншымі.
“Быць добрым, як хлеб, – гэта задача і пакліканне кожнага чалавека ў ХХІ стагоддзі”, – звярнуў увагу дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі.
Іерарх дадаў, што зараз час жніва і чутны пах хлеба, але, па яго словах, павінна таксама “пахнуць дабрынёй і любоўю ў нашых сем’ях, супольнасцях”.
Як падкрэсліў біскуп, кожны павінен рабіць тое, што толькі магчыма. “Часам людзі кажуць: ад мяне ж няшмат залежыць. А заўважце, як шмат залежала ад таго малога хлопца з Евангелля, у якога было пяць ячных хлябоў і дзве рыбы”, – сказаў іерарх, дадаўшы, што кожнаму трэба мець адкрытае сэрца і добрыя намеры, а Пан Бог сваёй ласкай усё гэта памножыць.
Паколькі Папа Францішак абвясціў рашэнне ўстанавіць у Касцёле Сусветны дзень дзядуляў, бабуль і пажылых людзей, які з гэтага года будзе адзначацца штогод у чацвёртую нядзелю ліпеня і прымяркоўваецца да ўспаміну святых Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Езуса Хрыста, біскуп прапанаваў сабраным памаліцца за сваіх бабуль і дзядуляў, родных пажылога ўзросту.
Пасля супольнай малітвы іерарх параіў моладзі і падлеткам праяўляць больш увагі і клопату да старэйшага пакалення, праводзіць з людзьмі сталага веку больш часу.
Перад благаслаўленнем біскуп нагадаў прысутным пра неабходнасць выканання правілаў дарожнага руху і ўзаемнай ветлівасці на дарозе, дадаўшы, што дарога не месца для праяўлення ўласных жаданняў, а перш за ўсё павага да іншых.
Для самых маленькіх “кіроўцаў” благаславілі каляскі і ровары, а для дарослых – аўтамабілі і матацыклы.
Усім удзельнікам дарожнага руху біскуп пажадаў засяроджанасці, уважлівасці і шчаслівых дарог.
Усе жадаючыя мелі магчымасць праехацца на рэтраматацыкле па Марыйным садзе.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі