Skip to main content

Зварот Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча аб падтрымцы пацярпелых ад стыхійных бедстваў у Польшчы, Германіі, Галандыі і Бельгіі

butkevich gor 1200x800Браты і сёстры!

Апошнім часам мы сталі сведкамі серыі стыхійных бедстваў, якія прайшлі разбуральнай хваляй па краінах Заходняй Еўропы: Германіі, Галандыі, Бельгіі, а таксама Польшчы. Буры і паводкі сталі прычынай трагедыі для тысяч людзей, якія засталіся без даху над галавой, зніклі без вестак ці загінулі. Асаблівым чынам ад стыхіі пацярпела Германія.

Адчуваючы салідарнасць з пацярпелымі ад стыхійных бедстваў, мы як супольнасць Касцёла ў Беларусі жадаем выказаць нашую падтрымку, перадусім праз малітву, усім тым, хто апынуўся ў цяжкім жыццёвым становішчы. Просім Бога аб хутчэйшым выпраўленні наступстваў катастрофы, аб духу салідарнасці і адкрытасці для людзей добрай волі, здольных прыйсці на дапамогу пацярпелым, а таксама аб Божай міласэрнасці для загінулых.

Шматлікія дабрачынныя арганізацыі ў Заходняй Еўропе на працягу ўсіх гадоў адраджэння структур Касцёла ў нашай краіне аказвалі і працягваюць аказваць падтрымку нашаму служэнню на карысць вернікаў і ўсяго грамадства. У сувязі з гэтым звяртаюся да ўсіх вернікаў Касцёла ў Беларусі з заахвочваннем у бліжэйшую нядзелю 25 ліпеня асаблівым чынам памятаць пра пацярпелых ад стыхійных бедстваў у Еўропе. Прашу падчас кожнай святой Імшы ў гэты дзень маліцца за іх, асабліва ў малітве вернікаў, а таксама, па меры магчымасці, арганізаваць сярод вернікаў збор ахвяраванняў пасля святой Імшы, якія будуць перададзеныя патрабуючым праз Caritas Беларусь.

Разам з тым выказваю Старшыням Каферэцый Біскупаў Германіі, Галандыі, Бельгіі і Польшчы выраз нашай салідарнасці і падтрымкі, а таксама духоўнай лучнасці Касцёла ў Беларусі.

Усім удзяляю пастырскае благаслаўленне.

Алег Буткевіч

Біскуп Віцебскі

Старшыня Канферэнцыі

Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Віцебск, 22 ліпеня 2021года

Свята святой Брыгіты, Апякункі Еўропы

Тэкст Зварота для друку ТУТ>>>

Паводле Catholic.by