Skip to main content

Сястра Анастасія Мішкура з Геранён прынесла першыя манаскія абяцанні ў Місіянерак Хрыста Валадара

poznan 227 чэрвеня ў Познані (Польшча) чатыры сястры законныя з супольнасці Місіянерак Хрыста Валадара прынеслі першыя манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці. Сярод іх была сястра Анастасія Мішкура з Гродзенскай дыяцэзіі, якая паходзіць з парафіі св. Мікалая ў Геранёнах (Іўеўскі дэканат).

На ўрачыстасці сабраліся сёстры з гэтай супольнасці, ксяндзы хрыстусоўцы, у тым ліку зямляк сястры Анастасіі кс. Уладзімір Марушэўскі TChr, які зараз служыць у беларускай сталіцы.

Прысутнічала таксама маці с. Анастасіі Яніна, для якой гэты дзень стаў адным з найважнейшых у яе жыцці.

Сімвалічна склалася так, што Імшу, на якой маладыя законніцы прыносілі абяцанні, цэлебраваў былы пробашч роднай парафіі сястры Мішкуры кс. Андрэй Лысы TChr.

У гаміліі святар падкрэсліў, што прысутнасць законных сясцёр у сённяшнім свеце з’яўляецца сведчаннем прысутнасці Божага Валадарства на зямлі.

“Ідзіце з даверам за Хрыстом, які вас запрашае, кліча, благаслаўляе і падрыхтаваў для вас цудоўныя дары, тут і сёння, у служэнні Богу, у Касцёле, у вашай супольнасці, але найперш там, у вечнасці, бо яна ўсё бліжэй да вас”, – пажадаў сёстрам кс. Андрэй.

Перад Імшой бацькі законніц удзялілі ім благаслаўленне на новы этап жыцця. Напярэдадні на вячэрняй адарацыі і падчас нядзельнага Ружанца ўся манаская супольнасць і прысутныя госці дзякавалі Богу за дар паклікання сясцёр.

Перад уступленнем у супольнасць с. Анастасія скончыла Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія). Пэўны час яна была катэхеткай у сваіх родных Геранёнах, праводзіла заняткі для дзяцей і моладзі пры геранёнскай парафіі, а таксама працавала настаўніцай пачатковых класаў у Іўі.

Неаднаразова да ўступлення ў супольнасць яна выконвала абавязкі спецыяльнага карэспандэнта газеты Гродзенскай дыяцэзіі “Слова Жыцця” і рэдакцыі grodnensis.by падчас розных дыяцэзіяльных урачыстасцяў.

Жадаем маладой і здольнай законнай сястры і далей супрацоўнічаць так з Божай ласкай, а Пан, якому яна даверылася і даручыла сваё жыццё, няхай вядзе яе сваімі сцежкамі і дазволіць заўсёды мець радасць у вачах!

Кс. Юрый Марціновіч