Skip to main content

Сустрэча прадстаўнікоў Францішканскага ордэну свецкіх прайшла ў Тракелях

orden 619-20 чэрвеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях сустрэліся прадстаўнікі Францішканскага ордэну свецкіх з усёй Беларусі.

На працягу ночы духоўныя дзеці св. Францішка Асізскага маліліся ў санктуарыі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Малітву яны ахвяравалі ў інтэнцыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, які сёлета адзначае 30-ю гадавіну аднаўлення сваіх структур, а таксама за сем’і нашай краіны, каб яны былі моцныя Богам, і аб развіцці дзейнасці Францішканскага ордэну свецкіх у Беларусі.

Галоўным момантам сустрэчы была Эўхарыстыя, якую ўзначаліў канцлер гродзенскай курыі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч. У гаміліі святар засяродзіў увагу на літургіі слова гэтага дня, дзе гаворыцца пра буру на моры.

Ксёндз Мацкевіч падкрэсліў, што вера пачынаецца з пераканання, што самі сабе мы не здольныя дапамагчы, а маем патрэбу ў Богу, якога трэба паставіць у цэнтр нашага жыцця.

На заканчэнне Імшы канцлер ад імя гродзенскіх біскупаў Аляксандра Кашкевіча і Юзафа Станеўскага падзякаваў членам Францішканскага ордэну свецкіх за іх нястомную малітву ў інтэнцыі Касцёла і за апостальскі дух, які яны на ўзор свайго духоўнага кіраўніка святога Францішка Асізскага прыносяць у сваё асяроддзе і на месцы працы.

Кс. Юрый Марціновіч