З 7 па 18 чэрвеня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе ладзіліся “канікулы з Богам” – летні адпачынак для дзяцей, які арганізавалі душпастыры і законныя сёстры парафіі разам з аніматарамі.
На працягу амаль двух тыдняў дзеці з вялікай ахвотай збіраліся раніцай у парафіяльнай святыні і малітвай распачыналі час актыўнага адпачынку.
Кожны дзень аніматары і апекуны арганізоўвалі тэматычныя конкурсы і спаборніцтвы, да якіх дзеці спачатку рыхтаваліся, а потым прадстаўлялі вынікі. Добрае надвор’е спрыяла паходу ў лес. Таксама ў праграме быў паход у кіно.
Разам з аніматарамі дзеці вучыліся спяваць і танцаваць.
Важным момантам гэтых дзён было тое, што дзеці акрамя гульняў, танцаў і забаваў вучыліся праводзіць адпачынак з Богам. Таму кожны свой дзень яны даручалі Пану і дзякавалі за яго ў малітве, а 15-й гадзіне штодня маліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці, а таксама слухалі катэхезы.
У апошні дзень “канікул з Богам” адбыліся святая Імша падзякі за праведзены час забавы і канцэрт, на якім дзеці прадставілі перад парафіянамі і бацькамі свае таленты. Пасля канцэрту дзяцей чакалі смачныя падарункі і пікнік.
Андрэй Юхнік