З 11 па 13 чэрвеня ў Навагрудку пры касцёле св. Міхала Арханёла адбыліся рэкалекцыі для працаўнікоў ІТ-сферы. Такія духоўныя практыкаванні прайшлі ў Беларусі ўпершыню.
Мерапрыемства ахоплівала дзве сферы: духоўную і “практычную”, якая датычыцца выкарыстання ІТ-інструментаў у евангелізацыі.
Да духоўнай сферы можна аднесці ўсё, што звязана з духоўным ростам удзельнікаў: Імша, адарацыя, малітва, сведчанні, канферэнцыі, дзяленне досведам, размовы. Тут можна звярнуць увагу на схемы, або пабудовы малітвы, якія прадставіў сабраным кс. Яўген Шымановіч. Перагляд “схемы” малітвы можа дапамагчы “ўдыхнуць свежага паветра” ў размову з Панам Богам, а таксама даць зразумець, наколькі важна мець магчымасць не толькі перагледзець ці абнавіць свае веды, але і выкарыстаць на практыцы досвед іншых вернікаў.
У межах рэкалекцый удзельнікі разам з пробашчам навагрудскай парафіі кс. Юрыем Жэгарыным збіраліся за супольным пачастункам, размаўляючы на тэмы, якія датычацца вернікаў: пакора, служэнне і іншыя.
“Практычная” частка мерапрыемства ўключала прэзентацыі некалькіх каталіцкіх праектаў, якія ўжо служаць людзям або пачнуць у бліжэйшы час. Адзін з такіх праектаў – іmsha.by, стваральнікі якога мелі мэту, каб вернік, нягледзячы на тое, у якім населеным пункце знаходзіцца, мог даведацца расклад святой Імшы, у якой мог бы ўдзельнічаць. На дадзены момант стваральнікі шукаюць валанцёраў і праграмістаў, якія б дапамагалі рэалізаваць гэты прадукт для ўсіх абласцей Беларусі.
У рэкалекцыях удзельнічалі не толькі праграмісты, але і іншыя спецыялісты ІТ-сферы: архітэктары, дызайнеры, маретолагі і інш. Усіх аб'ядноўвала адна мэта – стварэнне ўніверсальнага і плённага каталіцкага прадукта, з дапамогай якога вернікі маглі б не толькі даведвацца пра тое, што і дзе адбываецца ў жыцці Касцёла, але і атрымліваць духоўны пасілак.
Усе ўдзельнікі і арганізатары прынялі рашэнне маліцца аб распазнанні Божай волі для дадзенага напрамку ў евангелізацыі і зноў сустрэцца для размоваў, малітвы і сумеснай працы ці служэння ў гэтай сферы.
Паводле "Эхад", Анатоль Канарскі