Skip to main content

Урачыстасць Першай Камуніі прайшла ў лідскай парафіі Святой Сям’і

kamunia sw rodzina 530 мая ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе дзеці першы раз прынялі святую Камунію. Урачыстасць адбылася раніцай у нядзелю Найсвяцейшай Тройцы.

У агульнай колькасці да галоўнага сакрамэнту хрысціянскай ініцыяцыі прыступіла 160 чалавек.

Гэтаму радаснаму святу папярэднічала двухгадовая падрыхтоўка падчас урокаў катэхезы, на якіх дзеці здабывалі веды і пазнавалі Бога. Перад тым, як упершыню ў жыцці прыняць Езуса ў сваё сэрца, дзеці днём раней прыступілі да сакрамэнту пакаяння.

На пачатку святочнай Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. Руслан Мазан прывітаў дзяцей і іх бацькоў, распавёў аб вялікай значнасці гэтай падзеі для жыцця маладога хрысціяніна і заахвоціў да малітвы ў інтэнцыі дзяцей.

Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў сваёй урачыстасці: чыталі чытанні і малітву вернікаў, спявалі псальм, прыносілі дары да алтара. Але ўсё гэта не параўнаецца з той вялікай магчымасцю, якую яны атрымалі ў дзень Першай Камуніі, а менавіта магчымасцю ва ўсёй паўнаце ўдзельнічаць у святой Эўхарыстыі, прымаючы Цела і Кроў Езуса Хрыста і прыносячы разам з Панам сваю ахвяру.

На заканчэнне ўрачыстасці кожны з дзяцей атрымаў асвячаны хлеб з выявай крыжа як сімвал пасілку Апошняй Вячэры, на якую былі ў гэты дзень “запрошаны” малодшыя вернікі парафіі.

Андрэй Юхнік