23 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) сабралася шмат мясцовых парафіян і пілігрымаў з іншых месцаў.
На працягу многіх гадоў у гэты дзень туды прыбывае вялікая колькасць вернікаў, каб маліцца ў святыні, знакамітай дзякуючы цудатворнай фігуры Пана Езуса.
Адпустовую ўрачыстасць узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які ў гэты дзень дзякаваў Богу за 30 гадоў з часу біскупскай сакры. Таксама іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі мясцовым вернікам.
Падчас Імшы, якую цэлебраваў біскуп, ён асаблівым чынам маліўся за маладых людзей, якія прымалі сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
У гаміліі іерарх падкрэсліў, што Бог пастаянна пасылае свайго Духа да кожнага чалавека. Таму ў Яго ўрачыстасць біскуп заахвоціў вернікаў імкнуцца аднавіць сваю веру і прасіць Духа Святога весці нас праз жыццё.
Тым, хто прымаў сакрамэнт канфірмацыі, іерарх пажадаў, каб на ўзор апосталаў яны былі сведкамі Уваскрослага Пана і з вялікай адвагай і моцнай верай ішлі па свеце. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне звярнуўся з асаблівай просьбай да маладых людзей адкрыцца на дар Духа, які пакажа ім правільны шлях, навучыць паўнаце Праўды і надасць глыбокі сэнс чалавечаму і хрысціянскаму існаванню.
На заканчэнне Эўхарыстыі дзеці, якія тыдзень таму ўпершыню прынялі ў свае сэрцы Пана Езуса ў святой Камуніі, і прадстаўнікі парафіян выказалі біскупу віншаванні. Таксама яны выразілі радасць, што такі важны дзень у сваім жыцці іерарх захацеў правесці з імі.
Kусташ санктуарыя і пробашч парафіі кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч падзякаваў біскупу за дар супольнай малітвы і ўдзяленне сакрамэнту вернікам.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Жанна Вераціла