Skip to main content

40-годдзе смерці кс. Францішка Більшы адзначылі ў Войстаме: “Дзеі апосталаў нашага народу, гэтай зямлі”

wojstram 98 мая ў парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Войстаме (Смаргонскі дэканат) адбылася святая Імша ў 40-годдзе смерці былога пробашча кс. Францішка Більшы.

Эўхарыстыю, на якой сабраліся ўдзячныя за яго святарскае служэнне шматлікія вернікі, узначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

У гаміліі іерарх казаў пра “апостальскія дзеі нашага народу, нашых тэрыторый”. Дапаможны біскуп дыяцэзіі патлумачыў, што ў велікодны перыяд у літургіі слова часта гучаць фрагменты з Дзеяў Апосталаў у Святым Пісанні, з якіх можна даведацца, як апосталы і веравызнаўцы перажывалі праўду пра ўваскрасенне Езуса Хрыста і прынялі яе ў свае сэрцы.

Біскуп падкрэсліў, што, як мы чуем Дзеі Апосталаў, якія адбываліся дзве тысячы гадоў таму, так у дзень 40-годдзя з часу смерці свайго пастыра вернікі прыходзяць, каб пачуць дзеі нашага народу, а асабліва апостала гэтых земляў, якім быў іх адданы, верны і руплівы пробашч.

Кажучы пра кс. Більшу, іерарх адзначыў, што ў сваім жыцці ён шмат прайшоў, але да канца заставаўся верны Хрысту, які паклікаў яго да служэння ў сваёй аўчарні.

“Прайшоў з Хрыстом, наследаваў Яго да канца, пра што сведчыць хаця б яго вялікі клопат пра сваю аўчарню, парафіянаў, якіх ён называў дзецьмі, сваю маму і сястру Марысю, які ён выражаў у сваіх лістах, што пісаў з Урала, будучы сасланым”, – дадаў іерарх.

Біскуп заахвоціў вернікаў дзякаваць Богу за ўсё дабро, якое яны атрымалі праз святарскае жыццё і служэнне кс. Францішка Більшы ў ХХ стагоддзі.

“Мы зноў пішам гісторыю і хочам напісаць яе згодна з Божай воляй, з Хрыстом. Робім гэта для таго, каб наступныя пакаленні захоўвалі памяць. Каб дзеі апосталаў у ХХІ стагоддзі рэалізоўваліся на нашай зямлі”, – падсумаваў іерарх.

На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі кс. Уладзіслаў Сурвіла падзякаваў усім за супольную малітву ў інтэнцыі спачылага святара, памяць пра якога застаецца жывой і пра якога вернікі ўзгадваюць у сваіх малітвах.

Ксёндз Францішак Більша нарадзіўся ў 1909 г., у 1934 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Яго першай парафіяй былі Германовічы, дзе ён быў катэхетам школы ў 1934-1935 гадах.

З 1935 па 1941 год выконваў абавязкі школьнага катэхета ў парафіі ў Слабодцы. З 1941 па 1949 год быў пробашчам парафіі ў Плюсах.

У 1949 г. ён быў арыштаваны, а касцёл быў зачынены. Пасля смерці Сталіна вярнуўся ў Плюсы. Касцёл для яго не адчынілі.

З 1957 па 1981 год, да моманту смерці, быў пробашчам у Войстаме.

Кс. Юрый Марціновіч