4 мая ў Касцёле адзначаўся ўспамін святога Фларыяна. З гэтай нагоды ў парафіяльным касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі адбылася святая Імша ў інтэнцыі пажарнікаў раёна.
Эўхарыстыю ўзначаліў пробашч парафіі кс. Ян Гавецкі.
Супольная Імша ў гэтае свята праходзіць не першы год і мае традыцыйны характар. Падчас Эўхарыстыі вернікі моляцца за ўвесь калектыў службы ратавання.
Трэба адзначыць, што апошняя супольная малітва адбылася 19 студзеня, калі ксёндз Ян Гавецкі быў запрошаны на ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню ратавальніка.
Святы Фларыян, салдат і чыноўнік рымскага імператара, паводле традыцыі, стаў у абарону хрысціян, якія зносілі пераслед. За гэта ён быў кінуты з каменем на шыі ў раку Энс.
Паводле легенды, яшчэ ў дзяцінстве ён загасіў пажар дома, а пазней, ужо будучы святым, уратаваў вугальшчыка, які ўпаў у гарачае вуголле, але здолеў вымавіць імя Фларыяна.
Святы Фларыян жыў у другой палове ІІІ стагоддзя нашай эры ў рымскай правінцыі Норык (сёння цэнтральная Аўстрыя), у маладосці рабіў вайсковую кар’еру. Ён праславіўся тым, што паспяшаўся з дапамогай хрысціянам, якіх пасадзіў у вязніцу рымскі намеснік.
Такім чынам ён супрацьстаяў загадам імператара і, акрамя гэтага, адмовіўся адрачыся ад хрысціянства. За гэта ён быў аддадзены на катаванні, а яго цела было кінута ў раку, што адбылося 4 мая 304 г.
Святы з’яўляецца абаронцам ад пажару, а пажарнікі лічаць яго сваім асаблівым апекуном.
Таксама прадстаўнікі іншых прафесій, чыя праца звязана з агнём – сталявары, слесары, камінары, пекары – з даўніх часоў лічаць св. Фларыяна сваім абаронцам ад няшчасцяў і бедстваў пажару, заступнікам ва ўсіх патрэбах.
Кс. Юрый Марціновіч