11 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, у парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні быў арганізаваны традыцыйны велікодны фестываль “Аллелюя”.
У канцэртнай праграме прынялі ўдзел дзіцячы хор “Вясёлыя ноткі” і дарослы хор, выхаванцы араторыя – удзельнікі Савіо-клуба малодшай і старэйшай груп, выхаванкі Дзявочага клуба, моладзевая група араторыя, салезіяне-супрацоўнікі, жанчыны з Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў, узорны танцавальны дзіцячы ансамбль “Мішутка”, танцавальны калектыў “Маладосць”, айцы салезіяне і сёстры з Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў.
Удзельнікі падрыхтавалі для парафіян і гасцей моладзевага каталіцкага цэнтра шмат канцэртных нумароў розных жанраў: святочныя спевы, хрысціянскія бансы, танцавальныя нумары, вершы, літаратурныя і тэатральныя замалёўкі. Кожнае выступленне іскрылася радасцю і ўдзячнасцю Езусу Хрысту за Яго перамогу, усе ўдзельнікі стараліся падарыць гледачам добрае, кранальнае і запамінальнае свята.
На заканчэнне фестывалю пробашч парафіі кс. Павел Шчарбіцкі SDB павіншаваў усіх з Вялікаднем, а таксама заклікаў дарослых і дзяцей захаваць гэтую велікодную радасць, перадаць яе сваім блізкім і родным і кожны дзень пражываць з удзячнасцю Пану Богу.
Наталля Субко ADMA