13 красавіка ў катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне ўрачыста адзначылі 30-ю гадавіну з дня заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і прызначэння ксяндза Аляксандра Кашкевіча яе першым біскупам.
У гэты дзень у катэдры сабраліся святары, сёстры законныя, якія служаць у дыяцэзіі, і шматлікія вернікі Гродна, каб супольна дзякаваць Богу за дар дыяцэзіі і служэнне біскупа Гродзенскага.
Урачыстасць пачалася дакладам з падвядзеннем вынікаў 30-годдзя існавання дыяцэзіі, які падрыхтаваў кс. доктар Віталій Сідорка. Святар прадставіў гістарычны нарыс утварэння дыяцэзіі і этапы развіцця мясцовага Касцёла з моманту заснавання да сённяшняга дня.
Тэма дакладу для ксяндза Сідоркі вельмі блізкая, бо ў канцы 2018 года на тэалагічным факультэце Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ у Любліне (Польшча) ён абараніў доктарскую працу “Паходжанне, утварэнне і арганізацыя Гродзенскай дыяцэзіі ў 1991–2011 гадах”, атрымаўшы ступень доктара тэалогіі.
Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гэты дзень іерарх адзначыў 30-годдзе свайго прызначэння біскупам Гродзенскім, а ў маі будзе святкаваць 45-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння.
Гамілію прамовіў Генеральны вікарый дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Ён адзначыў, што падзеі, якая адбылася 30 гадоў таму, чакалі пакаленні вернікаў, бо менавіта тады “над берагамі Нёмана, Віліі і іншых жыццядайных крыніц і залатымі пшанічнымі палямі распачала свой збаўчы рэйс для вернікаў новая лодка, імя якой Гродзенская дыяцэзія”.
Дапаможны біскуп дыяцэзіі дадаў, што гэты дзень – нагода падзякаваць Богу за ўсіх сведкаў веры, падзякаваць тым, якія жылі не толькі для сябе, а для Таго, які за іх памёр і ўваскрос.
“Няхай будзе падзяка Богу за перадачу жыцця і веры ў сем’ях, за Хрыстовы позірк у дзеянні паклікання, за лагодны дотык брата і сястры ва ўчынку міласэрнасці, за збіранне камянёў на будаўніцтва новых святыняў”, – сказаў іерарх.
Па яго словах, трэба, нягледзячы на ўсё, “паклапаціцца, каб у лодцы дыяцэзіяльнага Касцёла заўсёды прысутнічаў Хрыстус Пан”, “бо, на жаль, можа здарыцца і так, што чалавек або якаясьці група людзей выплывуць на глыбокія воды без Езуса, пакінутыя толькі выключна на ўласныя сілы, лічачы, што самі ўсё здолеюць”.
Таму іерарх заахвоціў і далей клапаціцца аб прысутнасці і перадачы Божага слова як у межах літургіі, так і ў хатняй цішыні. “Неабходна пазнаваць і прымаць Божае слова, бо толькі з яго зерня нараджаецца вера і благаслаўленне”, – дадаў ён.
Біскуп нагадаў і пра важнасць Эўхарыстыі, дзякуючы якой жыве Касцёл, і святкаванне дня Панскага – нядзелі. “Каб дыяцэзія была жывой, Эўхарыстыя павінна быць у цэнтры жыцця”, – падкрэсліў іерарх.
Таксама ён адзначыў, як важна адкрывацца на іншага чалавека, назваўшы гэта задачай для ўсіх. “Майце вочы, раскрытыя на ўсіх патрабуючых, асабліва на шматдзетныя сем’і, пажылых людзей і людзей без працы, за якіх у гэты асаблівы год заступаецца святы Юзаф”, – сказаў біскуп.
Далей ён заклікаў да салідарнасці і супрацоўніцтва ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, і пошуку ўсё новых душпастырскіх рашэнняў, да чаго заахвочваюць вернікаў Папа Францішак у паслясінадальнай адгартацыі “Christus vivit” (“Хрыстус жыве”) і біскуп Аляксандр, выступаючы з ініцыятывай І дыяцэзіяльнага Сіноду.
Падчас Імшы асаблівым чынам маліліся за ўсіх, хто ўтварае Гродзенскую дыяцэзію: святароў, сясцёр законных, семінарыстаў і вернікаў, каб адзін дух і адно сэрца ажыўлялі ўсіх і ніхто не адчуваў недахопу.
У малітве памяталі і пра ўсіх дабрадзеяў Касцёла, дзякуючы якім у нашай дыяцэзіі ўзніклі новыя святыні і былі рэалізаваны разнастайныя душпастырскія праекты.
Таксама маліліся за ўсе справы і ініцыятывы, якія з’яўляюцца ў дыяцэзіі, за ўсіх членаў малітоўных груп і душпастырстваў, за навучэнцаў тэалагічнага каледжа, супрацоўнікаў таварыства “Caritas”, рэдакцыі, выдавецтва, суду, за ўсіх памерлых, якія прычыніліся да захавання веры на нашых землях, ахвярна абвяшчаючы Божае слова і прыводзячы іншых да збаўлення.
На заканчэнне Імшы віншаванні ў адрас біскупаў Аляксандра і Юзафа выказалі канцлер біскупскай курыі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, а таксама навучэнцы Тэалагічнага каледжа св. Казіміра ў Гродне.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гэты выключны і радасны для ўсёй дыяцэзіі дзень выказаў удзячнасць Богу за ўсе ласкі, удзеленыя Ім Касцёлу на Гродзеншчыне на працягу гэтых 30 гадоў, удзячнасць Найсвяцейшай Панне Марыі, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякунцы дыяцэзіі, і святым Казіміру і Максімільяну, дадатковым апекунам, за апеку і заступніцтва перад Богам.
Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас св. Яна Паўла ІІ, які прачытаў знакі часу, паклікаўшы ў 1991 г. да існавання Гродзенскую дыяцэзію і адрадзіўшы касцёльныя структуры ў нашай краіне.
Іерарх падкрэсліў, што 30-я гадавіна заснавання дыяцэзіі – нагода яшчэ раз зірнуць на шлях, які ўжо прайшоў наш Касцёл.
“На гэтым шляху Пан Бог ставіў канкрэтных людзей, якія стваралі і далей ствараюць гісторыю нашай дыяцэзіі. Гэта дзякуючы ім мы маглі чыніць і развіваць духоўныя і матэрыяльныя справы, якія служаць Касцёлу”, – сказаў біскуп.
Ён падзякаваў таксама мінулым пакаленням святароў і вернікаў, якія захавалі веру на нашых землях і ўмела перадалі яе наступным пакаленням.
“У мяне ў жывой памяці шмат адданых і руплівых асобаў, якія ў цяжкія часы пераследу Касцёла баранілі тое, што святое і Божае, а потым з маладым запалам адбудоўвалі знішчанае, узводзілі новыя касцёлы і капліцы, а верай дзяліліся, як хлебам”, – адзначыў пастыр дыяцэзіі. Многія з іх ужо адышлі па ўзнагароду да Пана, але, як падкрэсліў іерарх, пакінулі на зямлі бачны след, іх імёны засталіся ўпісанымі ў гісторыі Касцёла, а прыклад іх глыбокай і простай веры і прывязанасці да Хрыстовага Касцёла дапамог перажыць цяжкія часы і пераслед.
Словы ўдзячнасці былі адрасаваны Ганароваму Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за вялікі ўнёсак у адраджэнне Касцёла на Беларусі і кампетэнтную дапамогу ў заснаванні Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама ўсім, хто прычыніўся да надання ёй духоўнай формы і ўтварэння арганізацыйных структур.
Іерарх падзякаваў і біскупу Юзафу Станеўскаму, свайму найбліжэйшаму супрацоўніку ў дыяцэзіі, за шматгадовы клопат і падрыхтоўку многіх пакаленняў святароў і іх духоўную, інтэлектуальную і чалавечую фармацыю.
Прагучала падзяка ўсім святарам і сёстрам законным, якія служылі і служаць на Гродзеншчыне, за штодзённую працу здабывання сэрцаў людзей для Бога, за ўсё дабро, якое вернікі атрымліваюць праз іх служэнне кожны дзень.
Біскуп Кашкевіч звярнуўся таксама да ўсіх вернікаў дыяцэзіі, заахвоціўшы іх маліцца адзін за аднаго і быць сведкамі Уваскрослага Хрыста ў сваіх супольнасцях і акружэнні.
“Удзячныя Пану Богу і людзям за тое, што было здзейснена з даверам, надзеяй і пачуццём адказнасці за веру, будзем глядзець у будучыню, бо яна ў вялікай меры залежыць ад кожнага з нас. Будзем нястомна прасіць Пана, каб даваў нам адчуць сваю прысутнасць і ўмацоўваў нашу веру ў тое, што Ён ніколі не пакідае лодку Касцёла”, – дадаў біскуп.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Леановіч