У межах Пасхальнага Трыдууму ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) вернікі разважалі над апошнімі днямі жыцця Езуса, духоўна перажываючы Апошнюю Вячэру з вучнямі, Ягоны шлях на Галготу, укрыжаванне, смерць і змёртвыхпаўстанне.
Набажэнствы Пасхальнага Трыдууму ўзначаліў пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй.
Кожны дзень жадаючыя маглі застацца каля цямніцы ці гробу Пана і адараваць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
У Вялікі чацвер святары разважалі аб сваім служэнні, важнасці сакрамэнту Эўхарыстыі і пакліканнях да святарства. У гэты дзень дзеці, моладзь і парафіяне выказалі сваім душпастырам віншаванні.
У Вялікую пятніцу вернікі ўшаноўвалі Крыж Збаўцы. У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй ушанаванне адбывалася праз паклон. Такім чынам прысутныя маглі, углядаючыся ў крыж, падзякаваць за свае асабістыя штодзённыя крыжы і папрасіць аб вытрымцы ў дарозе на сваю Кальварыю.
Літургія Вялікай суботы распачалася благаслаўленнем агню. Пасля ўрачыстага гімну “Хвала на вышынях Богу” і радаснага “Аллелюя” прысутныя аднавілі абяцанні, дадзеныя падчас хросту. Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, распачатая пасля Імшы, працягвалася да раніцы. Традыцыйнага малітоўнага чування моладзі не было, але на працягу ночы маладыя людзі прыходзілі да Езуса, каб пабыць перад Яго гробам і ў цішыні паразмаўляць з Ім.
Раніцай у нядзелю Уваскрасення Пана адбыліся рэзурэкцыйная працэсія і ўрачыстая Імша, падчас якой кс. Уладзімір адзначыў: “Хрыстус – першынец з памерлых – паказаў нам адзіны магчымы шлях пераадолення граху і смерці. Гэта шлях любові, і пра гэтую любоў мы закліканы сведчыць усяму свету. І сведчыць закліканы ў першую чаргу на прыкладзе ўласнага жыцця”.
На заканчэнне Імшы пробашч падзякаваў тым, хто далучыўся да арганізацыі урачыстасцяў, і павіншаваў усіх са святам Змёртвыхпаўстання Хрыста. Святар пажадаў памятаць, што праўда, якая напаўняе нашыя сэрцы, – гэта тое, што Бог жывы, а апошняе слова заўсёды за Богам – за жыццём, праўдай, дабром і надзеяй.
Узяць удзел у набажэнствах Пасхальнага Трыдууму можна было праз анлайн-трансляцыі на youtube-канале парафіі.
Яна Чайко
Фота: Марыя Чарняк