У Вялікі чацвер – гэты асаблівы і важны дзень устанаўлення сакрамэнтаў святарства і Эўхарыстыі, свята тых, хто служыць на ніве Пана, – мы, стоячы перад вялікай таямніцай вашага паклікання і абрання праз Хрыста, Найвышэйшага Пастыра, хацелі б падзякаваць Яму за ваш дар святарства.
Звяртаемся да вас з вялікай удзячнасцю і захапленнем, усведамляючы, што вашая роля ў Касцёле неабходная і незаменная. Вы – слугі Эўхарыстыі, распарадчыкі Божай Міласэрнасці ў сакрамэнце пакаяння, суцяшальнікі душаў, праваднікі вернікаў у цяжкасцях жыцця. Мы выказваем вам падзяку за самаадданае служэнне любові, за намаганні гэтага служэння, за тое, што суправаджаеце нас ад нараджэння да канца жыццёвага шляху, удзяляючы святыя сакрамэнты.
Дзякуем вам за тое, што з’яўляецеся бачным і сапраўдным знакам Хрыста ў Касцёле, знакам Яго дзейнасці, прысутнасці, любові і ахвяры.
Жадаем, каб вам заўсёды спадарожнічала блізкасць Таго, хто вас абраў і каму вы аддалі сваё жыццё. Няхай Першасвятар Езус Хрыстус заўсёды благаслаўляе вас у вашым апостальскім пакліканні і будзе бясконцай крыніцай радасці і асабістага спаўнення.
У Год святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі і Апекуна Пана Езуса, жадаем углядацца ў прыклад яго жыцця. Няхай гэты святы заўсёды будзе для вас узорам таго, як важна давяраць Богу свае штодзённыя клопаты і абавязкі, а таксама вернікаў, да якіх вас паслаў Касцёл.
Няхай гэты Апякун Касцёла – справядлівы і дасканалы – дапамагае вам любіць Бога больш за ўсё!
З пашанай, рэдакцыя партала