
5. Пілігрымкі ў Рось і Вільна
Ужо ў 10-ы раз з Гродна вырушыла пілігрымка ў Рось. З кожным годам удзел у ёй прымае ўсё больш вернікаў. Санктуарый у Росі – гэта, безумоўна, асаблівае месца, якое прыцягвае мноства пілігрымаў. Юбілейная пілігрымка была выключная. Малітва і духоўная атмасфера сталі сведчаннем таго, што пілігрымы праз фізічныя і духоўныя ахвяры прагнуць спаткацца з Езусам Журботным.
Пілігрымы, якія ідуць з Беластока ў Вільна, заўсёды прыемна ўспамінаюць побыт і начлег у Гродне. Важна і тое, што ў чарговы раз да гэтай пілігрымкі далучылася шматлікая група гродзенскіх вернікаў: сёлета іх было 80 на чале з кс. Міхалам Васількевічам. Гэта сведчыць пра тое, што Маці Божая Астрабрамская заўсёды займае асаблівае месца ў жыцці вернікаў нашай дыяцэзіі.
4. Вечныя шлюбы
Для сястры Марыі Фаустыны гэта, безумоўна, былі выключныя хвіліны, якія назаўсёды застануцца ў яе памяці. Гэты акт “абсалютнага прысвячэння сябе Богу” – як гаворыць пра яго сама сястра Фаустына – напэўна застанецца ў памяці і тых многіх дзяўчын, якія прысутнічалі на ўрачыстасці. Мы спадзяёмся, што колькасць жаночых пакліканняў у нашай дыяцэзіі не будзе памяншацца.
3. Удзел моладзі нашай дыяцэзіі ў Сусветных Днях Моладзі ў Мадрыдзе
Гэта было вялікае сведчанне веры маладых людзей, якія з’яўляюцца часткай маладога Касцёла Гродзеншчыны. Сустрэча з моладдзю з усяго свету, асаблівая атмасфера малітвы і сустрэча з Папам назаўсёды застануцца ў памяці тых, хто прымаў удзел у СДМ. Больш за 300 чалавек з нашай дыяцэзіі разам з кіраўніком пілігрымкі кс. Антоніем Грэмзам перажылі выключныя дні ўкаранення ў Хрысце. Мы спадзяёмся, што моцная вера ўдзельнікаў Сусветных Дзён Моладзі дасць плён у выглядзе прыгожых пачынанняў у іх паўсядзённым жыцці. Таму заахвочваем моладзь да таго, каб яна дзялілася вялікім скарбам сваёй веры.
1-2. Адкрыццё алтара і новая святыня ў Беліцы
Дзве важныя падзеі, якіх чакалі многія вернікі. Усё на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей. У год 20-годдзя ўтварэння дыяцэзіі гэта вельмі важныя падзеі. Веру трэба перадаваць наступным пакаленням. Адноўлены алтар, як сказаў ксёндз біскуп, гэта “адлюстраванне нашай душы”, а новы касцёл – “знак жывой веры людзей”.
Чарговыя падзеі з жыцця Касцёла на Гродзеншчыне назаўсёды запісаны на старонках гісторыі нашай дыяцэзіі. Ужо пачаўся верасень, а таму давайце прыкладзём усе намаганні для таго, каб абвяшчаць Евангелле ўсім людзям.
Дыяцэзіяльнае інфармацыйнае бюро