Skip to main content

Ва ўрачыстасць св. Юзафа ў гродзенскай парафіі Святога Духа распачаліся велікапосныя рэкалекцыі

alszanka rec 2У парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) распачаліся велікапосныя рэкалекцыі. Духоўныя практыкаванні праводзіць ксёндз Юрый Павайба.

Святар паразважае разам з парафіянамі на наступныя тэмы: слова, вера і святая споведзь.

Першым днём рэкалекцый стала ўрачыстасць св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, які быў чалавекам учынкаў, а не слова. Таму пасля Крыжовага шляху і вячэрняй Імшы мужчыны засталіся на Ружанец падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Прадстаўнікі моцнага полу паразважалі аб сваёй ролі ў сям'і і грамадстве, папрасілі заступніцтва ў святога Апекуна і даверылі сябе Найсвяцейшай Панне Марыі.

Ружанец праводзіла супольнасць мужчын святога Юзафа, якая дзейнічае ў гродзенскай катэдры і парафіі Святога Духа. Гэтай традыцыі ўжо трэці год, і кожны раз альшанская капліца збірае хлопцаў і мужчын не толькі з парафіі, але і з усяго горада.

Таксама парафія віншуе ўсіх, хто ў гэты дзень адзначае імяніны, і жадае ім ісці шляхам свайго Апекуна і праслаўляць Бога сваімі ўчынкамі і ўсім жыццём.

Усе жадаючыя запрашаюцца далучыцца да супольнасці мужчын святога Юзафа ў катэдральным касцёле або ў парафіі Святога Духа.