На сайце Ridero з’явілася новая кніга Лявона Карповіча “Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі”. У 2019 годзе была выдадзена кніга гэтага ж аўтара “Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі”.
Новая кніга, як і папярэдняя, адрасавана перш за ўсё тым, каго цікавяць Біблія, мастацтва і філатэлія, можа быць цікавай як дарослым, так і дзецям. Яна змяшчае каля 90 артыкулаў і каля 800 ілюстрацый, якія прадстаўляюць выявы твораў вялікіх мастакоў, у тым ліку Мікеланджэла, Рафаэля, Бацічэлі, Босха, Далі, Шагала.
Аўтар дзеліцца досведам спробы пазнання сэнсу Бібліі і знаёміць з мастацкімі творамі, якія адлюстроўваюць гісторыі са Святога Пісання. Некаторыя артыкулы з кнігі надрукаваны асобна, напрыклад “Зачараваны Бібліяй. Песня песняў Марка Шагала”, “У свеце было чатыры найпрыгажэйшыя жанчыны…”, напісана разам з Рут Маркус.
Кнігу можна знайсці, спампаваць яе электронны ці заказаць папяровы варыянт на сайце Ridero і ў інтэрнэт-крамах.
Аўтар хоча падзяліцца з чытачом сваімі развагамі і запрашае адгукнуцца на зварот Францішка Скарыны вывучаць Біблію, “каб быў дасканалым Божы чалавек”. Лявон Карповіч прыводзіць словы Кірыла Андэрсана: “Не засталося ніводнага імя, ні адзінай падзеі, згаданай у Бібліі, якія не былі б шматкроць перакладзены на мову паэзіі, музыкі, фарбаў і філасофіі. Аднак прыходзіць наступнае пакаленне і выяўляе скарбы Бібліі ніколькі не збяднелымі, і кожны раз адкрывае іх для сябе наноў, быццам гэта не адна і тая ж кніга, а велізарная, бясконцая бібліятэка”.