4 сакавіка ў парафіі ва Уселюбе (Навагрудскі дэканат) адзначалася ўрачыстасць св. Казіміра. Парафію наведаў Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, які ў гэты дзень святкуе свае імяніны.
Святога Казіміра ўшаноўваць па ўсёй тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага з 1613 года, таму невыпадкова выяву святога можна сустрэць амаль у кожным беларускім касцёле. Гэты святы з’яўляецца таксама апекуном Гродненскай дыяцэзіі.
Святы Казімір (1458-1484) нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і (13 дзяцей) караля Польшчы і вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягелончыка з дынастыі Ягелонаў. У маладым узросце каралевіч прынёс Богу пажыццёвае абяцанне чыстасці і выстаяў у сваёй пастанове да канца. Пост, Эўхарыстыя, чытанне Святога Пісання, споведзь, сціплае жыццё, самаахвярнасць, міласэрнасць, міратворчасць, жаданне багаццяў нябесных, а не зямных, пашана да бацькоў, распаўсюджванне веры праз будаўніцтва касцёлаў і кляштараў на тэрыторыі ВКЛ – усё гэта было падмуркам ягонага жыцця.
Святы вызначаўся любоўю і пашанай да Пана Бога і Найсвяцейшай Панны Марыі, яго штодзённым жаданнем і імкненнем былі малітва і адарацыя Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. У яго быў дар малітвы, якая прыносіла яму надзвычайную радасць у зносінах з Богам.
Сустрэча біскупа Казіміра Велікасельца і вернікаў ва ўселюбскай парафіі таксама распачалася з ціхай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітвы Ружанца напярэдадні дня імянінаў.
4 сакавіка, калі адзначаецца літургічны ўспамін св. Казіміра, біскуп узначаліў у парафіі святую Імшу. У гаміліі іерарх падкрэсліў важнасць прыкладу для сучаснага чалавека асобы гэтага святога, які, нягледзячы на спакусы жыць па-каралеўску, перш за ўсё імкнуўся да Бога, шукаў сустрэчы з Ім праз малітву і ўсвядомленае імкненне да святасці, вельмі шмат дапамагаў бедным і хворым. “Малітва і добрыя ўчынкі – вось такім павінна быць нашае жыццё!” – заклікаў біскуп.
На прыкладзе асобы святога іерарх адзначыў той факт, што бацькі каралевіча выхоўвалі сваіх дзяцей у глыбокай веры і пашане да Бога, запрашаючы каталіцкіх святароў займацца іх адукацыяй, а таксама ладзячы сямейныя пілігрымкі па святынях, даючы дзецям уласны прыклад глыбокай веры.
Узгадваючы часы атэізму на нашай зямлі, біскуп адзначыў, як важна даць сваім дзецям трывалы падмурак жыцця – веру, даць ім Бога, каб ніколі ізноў мы не апынуліся ў часах бязбожнага панавання зла.
“Першае, што нам гаворыць пра Бога – гэта Біблія… Пра Біблію таксама гаворыць нам наш унутраны голас – сумленне”, – падкрэсліў іерарх.
Ён прыгадаў гісторыю студэнта Раскольнікава са “Злачынства і пакарання” Дастаеўскага, калі ў чалавеку абуджалася сувязь з Богам праз сумленне, якое не давала яму забыць пра ягоны цяжкі грэх і злачынства. Бо чалавек – істота, якая сумяшчае ў сабе і зямное, і нябеснае, а таму падмурак без Бога – гэта пагібель для чалавечай душы. “Грэх, здзейснены намі, адбірае сілу розуму… Патрэбна клапаціцца аб чысціні душы, бо ад гэтага залежыць уся наша дзейнасць”, – зазначыў біскуп.
Як прыклад навяртання атэіста да Бога ён прапанаваў жыццёвы шлях Эдыты Штайн (святой Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа), якая, будучы вельмі адукаванай і разумнай, у сваім усведамленні, што Бога няма, шукала, што з’яўляецца прычынай нашага сусвету, і аднойчы задалася пытаннем: можа, гэта ёй трэба пашукаць Бога, можа, яна яшчэ не ўсё ведае? Калі яна зразумела, што Бог ёсць і яна хоча паглыбляць свае веды пра Яго, то прааналізавала ўсе хрысціянскія рэлігіі і вырашыла прыйсці ў Касцёл, які быў ад пачатку заснаваны Хрыстом, ніколі не падзяляўся і не адгаліноўваўся, нёс і нясе сапраўдную Праўду пра Бога. Эдыта Штайн прыняла рашэнне ісці за Богам да канца, аж да крыжа, таму 9 жніўня 1942 г. прыняла мучаніцкую смерць у канцлагеры Асвенцыма за свой народ, каб людзі любілі адзін аднаго, а не забівалі. Сёння гэтая святая – апякунка Еўропы.
“Будзем спадзявацца, браты і сёстры, на Пана Бога, на Найсвяцейшую Панну Марыю, каб у нас была любоў, узаемаразуменне, мудрасць. І гэта мы атрымоўваем асабліва тады, калі прыходзім на святую Імшу; калі ўкленчваем, мы разумеем, каму мы аддаем свае сілы… Як сказаў Ян Павел ІІ, “святая Імша ёсць вяршыня”, калі мы ідзем да Хрыста, бо, калі прымаем святую Камунію, Бог нас адорвае мудрасцю і святасцю”, – рэзюмаваў біскуп Казімір.
Іерарх заклікаў вернікаў аднавіць свае адносіны з Богам праз малітву, чытанне Божага слова, пакаянне, пост і Эўхарыстыю, заклікаў будаваць падмуркі жыцця па прыкладу святога Казіміра і яго сям’і.
“Пачынаем і заканчваем свой дзень малітвай, кожную нядзелю Імша, кожны месяц – споведзь, намагайцеся, пакіньце астатняе Пану, бо калі Бог з намі, хто супраць нас?” – звярнуўся біскуп да вернікаў.
Памаліцца з іерархам і павіншаваць яго з імянінамі прыйшлі не толькі ўселюбскія парафіяне, але і госці з розных куткоў Беларусі – прадстаўнікі “Легіёну Марыі” з Мінска і Іўя, святары і вернікі з Навагрудка, Дзятлава, Раготны, Казлоўшчыны, Наваельні, законныя сёстры з Іўя. Усе прысутныя на Імшы атрымалі падарунак ад біскупа – Ларэтанскую літанію да Маці Божай. Таксама вернікі ўшанавалі рэліквіі святога Казіміра.
Святлана Герасімовіч