Skip to main content

Аматары рыбнай лоўлі запрашаюцца на “Тракельскую рыбалку”

ryba 5

У суботу 26 ліпеня ў Тракелях, дзе знаходзіцца дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў (Радунскі дэканат), адбудзецца конкурс “Тракельская рыбалка-2025”.

Аматараў рыбнай лоўлі запрашае парафія ў Тракелях. “Рыбалка – адно з самых масавых захапленняў чалавека, актыўны від адпачынку, які спрыяе ўмацаванню фізічных сіл, здароўя і псіхалагічнага стану. На свежым паветры хочацца адпачываць максімальна актыўна, а тым больш у тым месцы, дзе прыгожыя краявіды і вабная водная роўнядзь проста зачароўваюць. Каб убачыць усю гэту прыгажосць, можна будзе прагуляцца па Марыйным садзе, зладзіць водную прагулку на катамаране. Свежае паветра, вясёлая і дружалюбная атмасфера, непадробны азарт і цікавасць удзельнікаў і, вядома ж, рыбацкія зносіны – вось галоўная мэта правядзення спаборніцтва”, – кажуць арганізатары і заахвочваюць: “Рыбакі, спяшайцеся актыўна прадоўжыць летні сезон!”

Конкурс будзе праходзіць з 11.00 да 14.30 на азёрах у Марыйным садзе тракельскага санктуарыя, адбудзецца пры любым надвор’і, паколькі, па словах арганізатараў, “сапраўдным аматарам рыбнай лоўлі непагадзь не перашкода”. Перад пачаткам конкурсу, у 10.30, у санктуарыі адбудзецца святая Імша ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў.

Пасля заканчэння конкурсу – юшка па-тракельску (да 15.00), падвядзенне вынікаў (да 16.00).

Уваход свабодны, колькасць удзельнікаў не абмежавана.

Спаборніцтва праводзіцца ў індывідуальным і камандным заліку. Кожны ўдзельнік павінен мець сваю вуду і ўсе неабходныя прыстасаванні. Уся злоўленая рыба застаецца рыбаку.

Падвядзенне вынікаў у індывідуальным і камандным заліку праводзіцца ў намінацыях:

самая першая вылаўленая рыба;

самая вялікая вылаўленая рыба;

максімальная вага вылаўленай рыбы;

максімальная колькасць вылаўленай рыбы.

Усе ўдзельнікі ўзнагароджваюцца каштоўнымі падарункамі.