
Навагрудская парафія св. Арханёла Міхала ў перыяд Адвэнту заахвочвае дапамагчы дзецям у Сьера-Леоне (Афрыка).
У гэтай краіне ўжо 25 гадоў служыць кс. Сяргей Гоман з Беларусі. Ён заснаваў там цэнтр дапамогі дзецям, якія перажылі насілле; на дадзены момант у цэнтры знаходзіцца каля 170 дзяцей рознага ўзросту.
Да дабрачыннай акцыі дапамогі гэтым дзецям, якая праводзіцца ў навагрудскай парафіі, запрашаюць далучыцца вернікаў іншых парафій. Арганізатары прапануюць прызначыць для дапамогі “сродкі, зэканомленыя падчас посту на ежы, а таксама сродкі, якія звычайна трацяцца нерацыянальна і на малапатрэбныя рэчы”.
Каб далучыцца да акцыі, трэба напісаць на Viber па нумары: +375 44 552 21 99.
Арганізатары акцыі адзначаюць: “Адвэнт — час падрыхтоўкі і чакання Нараджэння Хрыста, час духоўнага ачышчэння. Пост (уключаючы харчовы) — гэта не проста дыета, а практыка ўстрымання, калі вучымся кантраляваць свае патрэбы і жаданні (цялесныя і спажывецкія) і канцэнтруемся на галоўным. Адмаўляючыся ад камфорту і дагаджэння целу, мы нагадваем сабе, што сапраўднае задавальненне і радасць паходзяць не ад ежы ці рэчаў, а ад Бога і адносін з Ім.
Добраахвотнае часовае абмежаванне дапамагае нам адчуць (хаця б часткова), што штодня адчуваюць тыя, хто жыве ў беднасці і голадзе. Такая духоўная практыка з’яўляецца свядомым хрысціянскім актам распараджэння дарамі (уключаючы грошы), якія, згодна з хрысціянскім вучэннем, дадзены нам Богам у часовае карыстанне. Бязглуздыя траты часта ідуць на тое, што падтрымлівае наша эга, імгненныя жаданні, “задавальненні”, якія не прыносяць сапраўднага шчасця. Адмова ад іх — крок да свабоды ад празмернай залежнасці матэрыяльнага свету і культуры спажывання.
Зэканомленыя сродкі набываюць яшчэ вышэйшы сэнс, калі ператвараюцца ў бачны ўчынак міласэрнасці і любові.
Для таго, хто дае, атрымліваецца падвойная карысць: пост і самавырачэнне не трацяцца проста “ў нікуды”, а ператвараюцца ў канкрэтную справу любові. Гэта чыніць духоўную практыку надзвычай плённай. “Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых” (Флп 2, 4).
Для таго, хто атрымлівае (місіі ў Афрыцы), гэтыя сродкі могуць падтрымаць: абвяшчэнне Евангелля; штодзённае забеспячэнне – ежай, медыкаментамі, вадой; адукацыйныя і сацыяльныя праекты, якія змяняюць жыццё людзей; салідарнасць Паўсюднага Касцёла: мы прызнаём сябе часткай адзінага Каталіцкага Касцёла, дзе браты і сёстры ў больш забяспечаных рэгіёнах падтрымліваюць тых, хто служыць у рэгіёнах, якія перажываюць цяжкасці.
Божае Нараджэнне — свята дару. Бог аддаў людзям Свайго Сына. Адказваючы на гэты дар, мы вучымся самі дарыць. Лепшы падарунак Хрысту ў Ягонае свята — гэта справы міласэрнасці, адрасаваныя нашым бліжнім. У выніку ствараецца магутны духоўны ланцуг унутранага ачышчэння (пост і ўстрыманне ад непатрэбных тратаў), больш справядлівае пераразмеркаванне рэсурсаў, узрастанне ў любові, свабодзе, дзейснай веры і адзінстве Хрыстовага Цела”.
